Другі дзень фестывалю «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова быў вельмі насычаны па часе і па змесце. Былі пачуты ўспаміны пра вядомага беларускага перакладчыка Васіля Сёмуху да 90-годдзя з дня яго нараджэння, была вельмі цікавай творчая сустрэча з былым палітвязнем Максімам Знакам, дзе можна было пачуць новыя вершы і песні пасля расповеду пра кнігу «Зэкамерон». Даведаліся пра новыя выданні Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў. Адбыўся аповед і чытанне вершаў Валянцінай Аксак з яе апошняга зборніка «Вячэра з чужым каханкам».

Добрых уражанняў вельмі шмат, – кажа ўдзельніца фестывалю Вольга:
– Вельмі розныя імпрэзы. Вельмі розныя паэты. Хтосьці больш такі ўжо як класік. Хтосьці больш сучасны. І вельмі прыемна чуць вершы. Мне здаецца, паэзіі ў беларускай літаратуры надаецца мала ўвагі, хаця паэтаў вельмі шмат. І добрых вельмі шмат. І выдатна, што акрамя беларускіх удзельнікаў у Варшаву яшчэ даехалі аўтары з Нарвегіі і Германіі.
Адбылася прэзентацыя кнігі беларускага перакладу нарвежскай паэткі Аны Клейва «Хітрыкі», паэтычныя чытанні польскай паэткі Крыстыны Дамброўскай.
Скончыўся другі дзень паэтычнага свята чытаннямі беларускіх паэтаў і гасцей фестывалю.






Беларускае Радыё Рацыя






