Два гады свайго існавання ў Вільні адзначыў клуб сацыяльных еўрапейскіх танцаў “Валошка”. Два разы на тыдзень беларусы збіраюцца ў некалькіх беларускіх прасторах, каб танцаваць беларускія танцы і танцы іншых еўрапейскіх народаў. Гэта такі своеасаблівы рэлакс у паўсядзённасці эміграцыі.

Госця Рацыі — кіраўніца клуба Эла Мацвіенка распавядае нашай карэспандэнтцы з чаго ўсё пачыналася.
РР: Вашаму клубу сацыяльных танцаў ужо два гады. Раскажыце, калі ласка, як усё пачыналася. Колькі чалавек было спачатку, колькі цяпер, хто складае асноўны касцяк, і якія танцы больш за ўсё падабаюцца людзям, якія вы часта танцуеце?
— Пачыналася ўсё з таго, што мне самой вельмі не ставала нейкай разнастайнасці, і з’явілася магчымасць арганізаваць нешта на валанцёрскай аснове. Мы знайшлі памяшканне — гэта якраз Reform Space, які знаходзіцца на Ужупісе, і зрабілі адну сустрэчу, потым другую. Пэўная колькасць людзей пачала прыходзіць, каму гэта было цікава, і мы пачалі спачатку збірацца раз на тыдзень. Мы пачалі ў студзені, да лета збіраліся, потым на лета зрабілі перапынак. У верасні мы зрабілі нейкі апгрэйд.
Частка тых людзей, якія хадзілі спачатку, ужо больш не прыходзіць. Хтосьці з’язджае, хтосьці прыязджае, з’явіліся новыя людзі, новая хваля. Мы займаліся зімовы сезон, а потым улетку пачалі рабіць такія выходныя танцавальныя сустрэчы ў Бернардзінскім садзе на свежым паветры. Ну і з восені гэта ўсё працягваецца. Цяпер у нас атрымліваецца стабільна два разы на тыдзень сустрэчы, плюс раз на месяц робім нейкую імпрэзу, якое прыцягвае больш людзей. Гэта для тых, хто, можа, не ходзіць на рэгулярныя заняткі, але раз на месяц ім цікава.
РР: Я, напрыклад, прыйшла да вас таму, што даведалася, што вы танцуеце беларускія танцы. Ці гэта цікава нашай беларускай супольнасці — усё ж такі беларускія танцы?
— У цэлым так, але практыка паказала, што калі сустрэча міксавая, то бок ёсць пэўная колькасць беларускіх танцаў, ёсць пэўная колькасць нейкіх павольных вальсаў, якія ствараюць прыемную рэлаксацыйную атмасферу. Ёсць таксама танцы з іншых культур, якія адрозніваюцца і па сваёй структуры, і па музычнай частцы. Я заўважыла, што калі гэта не чыста беларуская імпрэза, а імпрэза, што складаецца з розных частак, як нейкая мазаіка, то яно прыцягвае больш людзей. Гэта не значыць, што людзям не цікавая беларуская культура, але ім хочацца нейкай разнастайнасці.
РР: Я заўважаю, што вы падтрымліваеце сувязі з літоўцамі, ходзіце на іх танцавальныя вечарыны, таксама з латышамі. Частка вашай групы ездзіць на танцавальныя імпрэзы. Раскажыце, калі ласка, пра гэтыя сувязі, якія ў вас склаліся.
— Насамрэч гэта ўсё не на нейкім афіцыйным роўні. Тут хутчэй размова пра тое, што людзі, якія да нас пачалі прыходзіць, адчулі сябе больш разняволенымі і пачалі браць удзел у імпрэзах, якія ладзяць літоўскія танцавальныя супольнасці. А людзі з гэтых літоўскіх супольнасцяў запрашаюць кудысьці далей.
Тыя, у каго ёсць час і магчымасць, і хто ўжо не мае комплексаў, тыпу «як я пайду ў незнаёмае месца да незнаёмых людзей і пачну танцаваць», карыстаюцца гэтымі магчымасцямі і атрымліваюць ад гэтага задавальненне. Гэта вельмі добра, бо пашырае кругагляд і ўвогуле трымае людзей у добрым станоўчым тонусе.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:









Беларускае Радыё Рацыя