13 сакавіка кандыдат філалагічных навук, паэт, публіцыст, крытык і перакладчык Юрась Пацюпа адзначыць сваё 60-годдзе. У гэты самы дзень паэт, празаік і журналіст Мікола Канановіч таксама будзе святкаваць 60-гадовы юбілей.
Два юбілеі ў адзін дзень адзначаць гэтыя таленавітыя асобы, якіх мы шчыра віншуем і жадаем здароўя, дабра, шчасця, сіл і новых кніг, а таксама творчых адкрыццяў і даследаванняў на ніве нашай літаратуры, філалогіі і журналістыкі.

Юрась Пацюпа нарадзіўся ў Полацку, скончыў Гарадзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Працаваў у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, потым у Гарадзенскім універсітэце. Навуковую працу пачынаў пад кіраўніцтвам прафесара Аляксаея Пяткевіча.
Пасля Гародні Юрась Пацюпа пераехаў у Менск, працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, а з 2013 года – у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі.
Аўтар кніг “Ноч”, “Сабака”, “Анонс. Квадрат тэкстаў”, “Беларускія вершы Яна Баршчэўскага : Праблемы рэканструкцыі, атрыбуцыі і эдыцыі” і іншых. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова.

Мікола Канановіч нарадзіўся на Слонімшчыне, скончыў філфак Белдзяржуніверсітэта. Працаваў кінамеханікам, настаўнікам у Слоніме, у рэдакцыі “Газеты Слонімскай”.
Выдаў зборнікі паэзіі “І доўжыцца ноч”, “Вяртанне восені”. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса.
Беларускае Радыё Рацыя