10 снежня спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадска-культурнага дзеяча, калекцыянера, заснавальніка менскага клуба “Спадчына”, стваральніка Старадарожскага мастацкага музея Анатоля Белага (1939-2011).

Анатоль Белы нарадзіўся ў 1939 годзе ў Старых Дарогах на Меншчыне. У 1967 годзе ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Быў сябрам Саюза мастакоў Беларусі, Саюза беларускіх пісьменнікаў, удзельнікам ўстаноўчых з’ездаў Партыі БНФ, грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.
Анатоль Белы пры жыцці сабраў вялікую калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкаратыўнага мастацтва (каля 3.000 адзінак). На аснове сваёй калекцыі ў 1990 годзе заснаваў, а ў 1999-м адкрыў у сваёй уласнай сядзібе ў Старых Дарогах прыватны музей выяўленчага мастацтва, дзе экспануецца каля двух тысяч твораў.

За сваю дзейнасць на ніве нацыянальнага адраджэння і захавання нацыянальнай спадчыны Анатоль Белы быў узнагароджаны ордэнам Кірылы Тураўскага, дзвюма граматамі мітрапаліта Менскага і Слуцкага, а таксама медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэхіі.
Дзякуючы намаганням Анатоля Белага ў дворыку Белдзяржуніверсітэта ўстаноўлены шэраг помнікаў выбітным дзеячам нацыянальнай культуры – Еўфрасінні Полацкай, Кірылу Тураўскаму, Міколу Гусоўскаму, Францыску Скарыну, Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму.
Анатоль Белы актыўна ўдзельнічаў у выданні альманахаў “Спадчына”, плакатаў-календароў “Радавод полацкіх і вялікіх беларускіх (літоўскіх) князёў” (1995), “Старажытная Беларусь часоў Вітаўта Вялікага”(1996), “Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі” — зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча (у сааўт. 2007). Таксама ім падрыхтаваны 5 каталогаў, даведачная літаратура, звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва і яго гісторыю.
Грамадскі актывіст быў арганізатарам шэрагу тэматычных выставак: “Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года ў Беларусі” (Менск, 1986, 1990, 1991; Магілёў, 1988, 1991), “Францыск Скарына” (Менск, Яраслаўль, ЗША, 1985, 1986, 1990, 1991), “Максім Багдановіч” (Менск, 1996), “Дзеячы беларускага замежжа” (Менск, 1994, 1996), “Уладары старажытнай Беларусі” (Менск, 1996), “Любіць Радзіму — шанаваць родную мову” (Менск, 1990, 1991, 1994, 1996), “Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах” (Менск, ЗША, 1990, 1991, 1996), “Медальернае мастацтва Беларусі” (Менск, 1984) і дзесяткі іншых.



Беларускае Радыё Рацыя