BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дзень Волі – прафесійнае свята «Вольнага хору»

«Вольны хор» выступіць у Варшаве на Дні Волі. Імпрэза пройдзе ў суботу, 28 сакавіка. Пра адметнасць даты, змены ў калектыве і выступы ў ваенным Кіеве Госця Рацыі – кіраўніца «Вольнага хору» – распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

Выступае "Вольны хор".

РР: Што наогул для «Вольнага хору» ёсць Дзень Волі?

– «Вольны хор» і Дзень Волі – тут самі словы гавораць. Гэта наш дзень, гэта нашае галоўнае свята, таму што гэта тое – чаго мы дамагаемся тут з «Вольным хорам» лічыце ўжо пяць з паловай гадоў ад яго існавання. Таму гэта наша такое прафесійнае свята. «Вольны хор» хоча спяваць у вольнай краіне. Канешне, з улікам таго, дзе мы знаходзімся, мы хаваем свае твары, бо сапраўднай волі яшчэ не відаць. Толькі ёсць надзея на яе. Але б’ёмся, працягваем пра гэта крычаць, спяваць, гаварыць што мы ёсць, не губляем надзею. Песня яшчэ жыве і нашая надзея жыве. Я спадзяюся, што сапраўдны Дзень Волі настане, калі мы будзем працяваць рабіць, калі «Вольны хор» будзе спяваць вольна.

РР: Вы прымалі ўдзел у розных мерапрыемствах, прысвечаных менавіта Дню Волі. Што прыгадваецца зараз у першую чаргу?

– На Дзень Волі ў нас выступаў было не так шмат. Канцэрт у Празе, канцэрт у Вільні… І ўвогуле для мяне гэта самы беларускі канцэрт. Я люблю гэтыя канцэрты, таму што мы шмат робім розных праграм, на розную аўдыторыю. У нас ёсць канцэрты на еўрапейскую аўдыторыю, там мы павінны проста прамаўляць, размаўляць, апавядаць, што адбываецца ў нашай краіне. А вось канцэрты на Дзень Волі гэта для беларусаў, гэта такія канцэрты, дзе можна адчуць зваротную сувязь, разуменне тэкстаў, сэнсаў.

РР: Калі не толькі Дзень Волі.

– У мяне такі сакавіцкі момант у памяці на ўсё жыццё – наш канцэрт 9 сакавіка, яшчэ да Дня Волі, у Кіеве для беларускіх ваяроў палка Каліноўскага. Ім тады споўніўся адзін год, мы паехалі на гадавіну, гэта 2023 год 9 сакавіка – і я гэты канцэрт буду памятаць усё жыццё. Гэта абсалютна штосьці выключнае для мяне. Шмат магу пра гэта казаць, гэта пачуццё, што мы патрапілі ў самую кропку, дзе мы павінны прагучаць. Гэта быў адзін з тых канцэртаў, дзе мы выступалі з адкрытымі тварамі. Немагчыма спяваць, хаваючы твары, перад тымі, хто сам-насам са смерцю кожны дзень.

Канцэрт быў не медыйный. Не рабілі яго запісу. У мяне было такое ўпершыню, калі мы спявалі «Ваярскі марш», а ўся зала стоячы спявала разам з намі. Не на адной беларускай імпрэзе я такога не бачыла, каб людзі ведалі словы і спявалі. Для іх гэтая песня сімвал, гімн, яны гэта нясуць. Мяне гэта так здзівіла і ўзрушыла. Гэта быў адзін з самых моцных момантаў. Я памятаю, калі канцэрт скончыўся, мы выйшла ў нейкі пакойчык, дзе перапраналіся, і нас так усіх накрыла, што мы проста ўсе раўлі. Вось такі сакавіцкі канцэрт на ўсё жыццё ў мяне адбыўся ў Кіеве.

РР: Наколькі страшна было тады ехаць у Кіеў?

– Капец як страшна. Гэта было абсалютна рызыкоўна, мы ехалі даволі маленькай групай. Страша было з розных бакоў. Па-першае, ад нас людзі хаваюць свае твары, бо ездзяць у Беларусь. І ты разумееш, якія могуць быць наступствы. Гэта інтэрв’ю на мяжы, кожнага паасобку. Там не схаваеш сваю асобу. І гадзіну кожны меў такую размову: хто ты, што ты, чаго туды едзеш?

Вайна як з кніжак выйшла на вочу. Я ўпершыню ў жыцці апынулася ў кропцы, дзе блокпасты, наступствы вайны, разруха. Гэта 2023 год, увогуле гаворкі яшчэ не было пра вяртанне да стану, які быў. Тады была каментанцкая гадзіна, калі ўвогуле нельга перамяшчацца. І мы не паспелі прыехаць да Кіева ў свой час, таму што была затрымка на мяжы, а мы ехалі на такім занядбаным мікрааўтобусе, і з пераездам было складана, ніхто не хацеў браць беларусаў. Мы заплацілі шалёныя грошы за дарогу, можна было на самалёце ў Дубай паляцець.

Вырашылі, што будзем рызыкаваць і ехаць, і мы дамаўляліся з ваярамі палка Каліноўскага, што яны будуць нас сустракаць, і яны на кожным блок-пасце пра нас папярэджавалі і дзесьці на пад’ездзе да Кіева суправаджалі. Ехалі па Каеву ўначы, трэба было ехаць вельмі хутка. Мы так стаміліся, што адразу пазасыналі ў тых кватэрах дзе нас размясцілі. Мы нават не адрэагавалі на сірэну, нас немагчыма было дабудзіцца. У нас была яшчэ магчымасць пабачыць Кіеў. Мы таксама з’ездзілі ў Ірпень і на ўласныя вочы пабачылі, што там адбываецца.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя