У Падляшскім музеі народнай культуры ў Васількаве прайшоў дзень з канапелькай.

Канапелькі – традыцыйныя песні, якія выконваліся з нагоды Вялікадня. Былі добра вядомыя ў жывой народнай культуры яшчэ ў сярэдзіне XX стагоддзя ў раёнах паміж Бебжай і Нарвай і па ўсім польска-літоўска-беларускім памежжы. Гэты абрад вельмі блізкі многім беларусам. Таму некаторых настальгія і прага пачуць штосьці блізкае прывяла ў Васількаў з розных куточкаў Польшчы. Кажа Алена з Варшавы:
– Прыехала адмыслова з Варшавы. Прачытала на сайце музея, што тут будзе абрад, звязаны з Вялікаднем. Я ў Беларусі любіла ездзіць, шукала абрады, дзе што паглядзець. Зараз я без гэтага вельмі сумую. Я, канешне, не навукоўца, не ўсё разумею, падобна, ці не падобна. Але гэты рэгіён самы блізкі да Беларусі. Таму тут шукаю. Параўноваю гэты з музеем у Строчыцах.
Гурт “Da się lubić” вырашыў аднавіць забытую традыцыю па кнігах і фоназапісах. А першым месцам, у якім нанова прагучалі канапелькі, стаў Копіск – мясцовасць, з якой паходзяць удзельнікі калектыву. І хоць цяпер ніхто з жыхароў гэтай традыцыі ўжо не помніць, усе падтрымалі музыкаў і выказалі спадзяванні, што ў наступным годзе таксама будуць мець Вялікдзень з канапелькамі.
Кажа ўдзельнік гурту Марэк Кудзбор:
– Людзі аптымістычна падыходзяць да гэтага. Прывячаюць, жадаюць усяго добра. Людзі задаволены і чакаюць, што прыйдуць і ў наступным годзе. Гэтыя песні былі сабраныя з нашых рэгіёнаў. Часта песень паходзіць з Тыкоціна, частка песень паходзіць з Кнышына. Сабралі мы песні, якія ўтрымліваюць дух гэтых свят, каб паказаць гэтыя традыцыі, бо яны моцна забытыя апошнім часам.
Пасля выступлення ў Падляшскім музеі народнай культуры ў Васількаве гурт “Da się lubić” плануе заспяваць канапелькі ў вёсцы Рыбнікі.



Беларускае Радыё Рацыя