У Варшаве адбыўся дзіцячы кніжны фэст “Наш кірмаш”. Гасцей падзеі чакала шмат актыўнасцей і ўсё ж у цэнтры імпрэзы былі літаратурныя навінкі. Сваю кнігу – “Хто ты, дрон?” – прэзентавала сённяшняя Госця Рацыі, пісьменніца і журналістка Ганна Кручкова. Яна ў размове з нашай журналісткай Марынай Савіцкай распавяла пра агульны стан літаратуры для маленькіх, а таксама пра ўласны творчы шлях.

РР: На Ваш погляд, што трэба зрабіць для таго, каб дзіцячая літаратура была запатрабаваная?
Ганна Кручкова: Мне здаецца, яна і так запатрабаваная і ў бацькоў, і ў дзяцей, мне здаецца такі міф, што дзеці сышлі ў інтэрнэт, у сацсеткі. Яны чытаюць. Калі бацькі чытаюць, то і яны будуць чытаць. Трэба проста знаходзіць час на тое, каб разам сабрацца і пачытаць дзеткам і прывіць у іх прагу да кніжкі. Але ўзровень кніжнай прадукцыі, мне здаецца, зараз высокі. Яна прывабная, што калі дзеці яе бачаць, яны будуць яе чытаць. Галоўнае, каб яна было дома.
РР: Але ёсць розніца паміж кніжкамі. Што павінна ўтрымлівацца ў самой кнізе, каб яна сапраўды выклікала гэтую зацікаўленасць?
Ганна Кручкова: У мяне толькі адна кніжка, таму буду сваё меркаванне выказваць. Мне здаецца, трэба спалучаць класіку, класічную гісторыю з новымі тэхналогіямі. То бок, у маёй кніжцы, напрыклад, гэта спалучэнне дэтэктыва – гэта класіка, плюс нешта з такога чорнага люстэрка, вось гэтыя тэхналогіі, як яны зараз неспадзявана прымяняюцца ў нашым жыцці. Мне здаецца, гэта будзе ім цікава. Ну і на адной выставе да мяне падышла дзяўчынка і спыталася, а ці ёсць у вашай кніжцы пра каханне? У мяне не было, але былі зачаткі гэтага кахання, якое можа быць, але гэта было сяброўства. То бок, напэўна, трэба, каб была гісторыя пра каханне.
РР: З якога ўзросту дзяцей можа зацікавіць нашая беларуская літаратура?
Ганна Кручкова: З таго, калі яны ўжо разумеюць літары. У таго ж “Гутэнберга” ёсць цікавая серыя “Вучацца дзеці чытаць”, там ад трох да пяці, з пяці – да сямі, змест пад розны ўзрост зрабілі. І мне здаецца, запатрабавана будзе ў любым узросце.
Кніга “Хто ты, дрон?” было прадстаўленае выдавецтвам Gutenberg Publisher, якое 16 лютага было прызнанае экстрэмісцкім фармаваннем.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






