BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Дзяніс Шматко: Хочам нарэшце выпусціць другі альбом і ўжо вядзецца праца над трэцім

Лета пачалося, а разам з ім – і фестывальны сезон. Сярод іншага, на польскіх імпрэзах можна пачуць сёлета і беларускіх музыкаў – гурт “Lity Taler”. Пра свае выступы, адметнасці сярэднявечных івэнтаў у розных краінах і пра тое, як стаць запатрабаваным калектывам у эміграцыі, лідар бэнду “Lity Taler”, сузаснавальнік беларускай дударскай школы ў Варшаве “Dudy by” Дзяніс Шматко распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай. 

РР: Як сябе цяпер адчувае дударская школа?

Дзяніс Шматко: Класна. На самой справе добра. А ведаеце, чаму? Таму што ў яе канікулы. Сэнс такі, што мы падумалі, што ў гэтым годзе хацелі б зрабіць канікулы, таму што частка нашых вучняў ды і настаўнікі таксама ўжо маюць нейкія выступы, імпрэзы, і найчасцей гэта адбываецца па выходных днях. І праз гэта людзі не могуць прыходзіць у школу. Таму мы зараз дамовіліся на такі фармат, што можна прыходзіць, можна граць, калі ім хочацца, калі патрэбная нейкая дапамога настаўнікаў, можна дамовіцца. Але такога, як было ў навучальны год, абавязку прыходзіць кожныя выходныя, ужо няма. І не будзе, думаю, да верасня. З верасня мы пачнём новы навучальны год – гэта ўжо трэці, што вельмі радуе.

РР: Летні час – час фэстаў. Наколькі гэта распаўсюджаная цяпер з’ява для вас, узяць дуду і вашай тусоўкай накіравацца на Віслу і зрабіць такі оpen air, але ў свабодным фармаце?

Дзяніс Шматко: Так, час ад часу мы такія рэчы робім. Часам гэта анансуем, часам – не. Напрыклад, найбліжэйшы такі івэнт будзе на Купалле, хутчэй за ўсё. Мы выходзім, мы граем, збіраемся з нейкіх нашых нагод. Таму, калі ёсць жаданне трапіць на такія івэнты,  сачыце за нашымі сацсеткамі і запрашаем!

РР: Якія планы ў гурта “Lity Taler”?

Дзяніс Шматко: Планы напалеонаўскія па захопу ўсяго свету, каб усе слухалі беларускую музыку і дуду. А калі пра план на гэты год, то гэта каля 12 ці 13 фестываляў. Калі не памыляюся, цягам бліжэйшага тыдня вывесім анонс, дзе мы будзем выступаць цягам гэтага лета. У асноўным гэта польскія фестывалі і сярэднявечныя. І вельмі доўга працуем над нашым другім альбомам. Хочам нарэшце выпусціць другі альбом і ўжо вядзецца праца над трэцім. Прыадкрыю таямніцу, хутчэй за ўсё, гэта будуць больш народныя спевы.

На завяршэнне размовы Дзяніс Шматко запрасіў усіх ахвочых далучацца да дударскай школы ў наступным сезоне.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя