BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Эльвіра Каралёва: Рыхтую незвычайную выставу пад адкрытым небам

“Мастацтва без межаў”: у Варшаве пройдзе інтэрактыўная выстава беларуса Дзімы Паляковіча – 47-гадовага аўтара з ДЦП. Ладзіць падзею мастацтвазнаўца, стваральніца тэлеграм-каналу “Я прыеду” і віртуальнай галерэі ў Польшчы Эльвіра Каралёва. За плячыма эксперткі – 20-гадовы досвед працы з творчасцю ўразлівых груп.

Сённяшняя Госця Рацыі распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай пра мэты будучай падзеі, складанасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама новы анлайн-праект.

РР: 26 ліпеня рыхтуеце вы выставу. Што гэта будзе за падзея?

Эльвіра Каралёва: Я сказаць, што гэта будзе незвычайная выстава. Незвычайная не толькі для гледачоў, але незвычайная і для мяне, як куратара. Я такога яшчэ ніколі не рабіла. Гэта будзе выстава не ў нейкай установе, не ў сценах нейкай галерэі, а гэта будзе пад адкрытым небам.

РР: І выстава будзе адметная…

Эльвіра Каралёва: Гэтыя работы належаць беларусу, майму даўняму сябру, мастаку Дзіму Паляковічу, які жыве ў Беларусі. Ён, калі прыязджаў апошні раз у Варшаву і выстаўляліся яго працы, то ён пакінуў яшчэ шмат прац, якія праляжалі ў мяне недзе два гады. І яны «выспелі» ў пэўную экспазіцыю. Нам трэба з імі тэрмінова штосьці зрабіць. Працы мастака не павінны ляжаць у шуфлядзе, як яны знаходзіліся ў мяне, а ўсё ж такі павінны быць паказаныя гледачам.

І мы хацелі б усіх запрасіць на гэтую незвычайную выставу. Гэта не будзе нейкая экспазіцыя, як мы сабе ўяўляем. Кожны з гасцей будзе трымаць працу Дзімы. Мы зробім агульнае фота, дашлём мастаку і тым самым яго падтрымаем і натхнім на новыя карціны. Бо Дзіма сёння знаходзіцца ў такім прыгнечаным стане, у яго не адбываецца ніякіх выстаў, ён не паказвае нідзе свае працы. Ён ужо хоча выкінуць усе фарбы і адмовіцца ад якой бы там ні было ініцыятывы ў справе вяртання ў творчасць.

Цалкам матэрыял:

Вернісаж выставы “Мастацтва без межаў” адбудзецца 26 ліпеня ў 16:00 на пляцоўцы KRÓLEWSKIE OGRODY (Замкавыя сады ў Варшаве) (https://www.zamek-krolewski.pl/ogrody-zamkowe )

Уваход вольны.
Таксама падчас імпрэзы можна будзе далучыцца да адкрытай гутаркі аб інклюзіўнай творчасці з Эльвірай Каралёвай.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Эльвіры Каралёвай.