7 жніўня спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка і публіцыста Пятра Крачэўскага (1879-1928).
Месцам нараджэння Пятра Крачэўскага сёння называюць вёску Дубна, што ў Мастоўскім раёне. Аднак, гаворачы пра паходжанне Пятра Крачэўскага (Крэчэўскага), заўсёды адзначалася, што ён быў сынам вясковага дзяка Антона Крачэўскага, які служыў у адным з праваслаўных прыходаў у Кобрынскім павеце Гарадзенскай губерні.
Атрымаў пачатковую адукацыю ў Верхалескай школе Кобрынскага павета, Пятро Крачэўскі вучыўся ў Жыровіцкай духоўнай вучэльні. Затым паступіў у Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні.
3 1902 годзе настаўнічаў у Беластоцкім і Ваўкавыскім паветах. 3 1909 года працаваў у Віленскім дзяржаўным банку. А з пачаткам Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў царскую армію, дзе служыў вайсковым урадоўцам. Лютаўская рэвалюцыя 1917 года застала Пятра Крачэўскага на гэтай пасадзе ў Барысаве. У гэты ж час ён далучыўся да Беларускай сацыялістычнай грамады.
У 1917 годзе Пётр Крачэўскі быў старшынёў Барысаўскага савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў. У снежні 1917 года стаў дэлегатам Першага Ўсебеларускага з’езда ў Менску, на якім быў абраны сябрам Рады Усебеларускага з’езда і выканкама. Удзельнічаў у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі.
З 19 лютага 1918 года Пятро Крачэўскі знаходзіўся ў складзе першага беларускага ўрада (Народнага Сакратарыяту) выконваў абавязкі дзяржаўнага кантралёра. Ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі Пётра Крачэўскі з’яўляўся таксама народным сакратаром фінансаў, народным сакратаром гандлю і прамысловасці, узначальваў Цэнтральную беларускую гандлёвую палату. Ён з’яўляецца адным са стваральнікаў і лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў.
Ад 14 траўня 1918 года Пётр Крачэўскі – сакратар Рады БНР. 15-16 снежня 1918 года ён арганізаваў правядзенне ў Гародні Гарадзенскага беларускага павятовага з’езда. Разам з Васілём Захаркам спрабаваў дамовіцца з камандаваннем нямецкай 10-й арміі аб перадачы зброі для беларускай міліцыі на Гарадзеншчыне. У ліпені 1919 года на чале Надзвычайнага прадстаўніцтва БНР Пётр Крачэўскі прыбыў у Коўна, ён там вёў перамовы з прадстаўнікамі ўраду Літвы, падчас якіх дамагаўся афіцыйнага прызнання літоўскім урадам незалежнасці БНР у яе этнаграфічных межах. Ад 13 снежня 1919 года і да сваёй смерці Пётр Крачэўскі з’яўляўся старшынёй Рады БНР .
Выконваючы функцыі кіраўніка ўраду БНР, з 1920 года вымушаны быў эміграваць. Жыў у Коўна, Берліне, Рызе, зноў у Коўна, а з 1923 года перабраўся ў Прагу (Чэхія), дзе пражыў да канца жыцця. У Празе Пётр Крачэўскі стварыў прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў шырокую дыпламатычную дзейнасць, наладзіў інфармаванне заходнееўрапейскіх краін пра становішча ў БССР і Заходняй Беларусі. У снежні 1921 года, як прадстаўнік Беларусі Пётр Крачэўскі ўваходзіў у склад Рады Саюза народаў Усходняй Еўропы, а ў кастрычніку 1926 года актыўна ўдзельнічаў у заснаванні ў Празе міжнароднага аб’яднання – Сацыялістычнай лігі новага Ўсходу Еўропы.
Пётр Крачэўскі прынцыпова супрацьстаяў дзеянням, скіраваным на ліквідацыю ўраду БНР. Прэзідум Рады БНР на чале з Пятром Крачэўскім не прызнаў пастановы Другой Усебеларускай канферэнцыі 1925 года аб прызнанні Менску адзіным цэнтрам беларускага адраджэння і дзяржаўнасці. Крытычна ставіўся да палітыкі беларусізацыі ў БССР, адзначаў яе непаслядоўнасць, адмовіўся ад вяртання ў БССР. Перад смерцю свае паўнамоцтвы Старшыні Рады БНР і архіў БНР ён перадаў Васілю Захарку.
Пётр Крачэўскі вядомы не толькі як выдатны беларускі палітычны дзеяч, але і як гісторык, драматург публіцыст. Ён – аўтар вершаваных драмаў “Рагнеда” і “Здрада” , вершаў, перакладаў з чэшскай і ўкраінскай моў. Быў рэдактарам зборніка па гісторыі, культуры і эканоміцы Беларусі “Замежная Беларусь”, падрыхтаваў для яго шэраг артыкулаў, прысвечаных тэорыі Беларусі і яе грамадска-палітычнаму развіццю ў XX стагоддзя (выдадзены ў Празе ў 1926 г.).
Беларускае Радыё Рацыя