BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ён хварэў за будучыню роднага слова

21 кастрычніка спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння празаіка, паэта, драматурга і доктара Юркі Геніюша (1935-1985).

Юрка Геніюш
Юрка Геніюш

Юрка Геніюш нарадзіўся ў мястэчку Зэльва ў сям’і Ларысы і Янкі Геніюшаў. У той час беларускаму інтэлігенту не было прыстойнага месца ў Айчыне, таму бацькі Юркі эмігравалі ў Прагу. Там прайшло яго дзяцінства ў беларускасці, якой поўніўся эмігранцкі дом Геніюшаў.

Дэбютаваў Юрка Геніюш на старонках беларускага тыднёвіка “Ніва” ў Беластоку 20 кастрычніка 1963 года апавяданнем “Прыкметы”. Праз два гады ў беластоцкім альманаху „Белавежа” змясціў кароткую падборку сваёй прозы: „Як знайсці хулігана?”, „Ой ты, доля мая”, „З апавяданняў старога сабакі Тарзана” і „Як мы арганізаваліся”.

Янка Геніюш, сын Юрка, Ларыса Геніюш, 1941 г.
Юрка, Ларыса Геніюш, Янка Геніюш,1941 г.

Як кожны сапраўдны беларускі літаратар, шчыры беларус, ён хварэў за будучыню роднага слова. Пры жыцці апублікаваў у перакладзе на польскую мову зборнік паэтычнай прозы „Спачатку было толькі Слова…” (Беласток, 1981). А ў 1976 годзе Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку выпусціла “Зборнік сцэнічных твораў”. Пад адной вокладкай былі надрукаваны п’есы Юркі Геніюша і Сакрата Яновіча. Гэта тры п’есы Сакрата Яновіча і дзве п’есы “Хто—каго?” і “Прыгоды белага грыба” Юркі Геніюша. У невялічкай прадмове аўтары кнігі напісалі, што “ў гэтым зборнікі знойдзеце тое, што можа развесяліць людзей. Аднак жа, паміж выбухамі рогату ў зале, з вашай сцэны павінна паглядаць на ўсіх людзей праўда аб жыцці-быцці. Шчыра кажучы, гэтая праўда толькі аздоблена смехам, каб не плакаць…”.

Пасля смерці выйшлі кнігі „Маці і сын” (разам з Ларысай Геніюш. Беласток, 1992) і „З маёй званіцы” (Беласток, 1993). І апошняе поўнае выданне твораў Юркі Геніюша пабачыла свет у 2013 годзе. Гэта была кніга “Смыком па сэрцы”. Кніга выйшла з друку, дзякуючы прыватным фінансавым ахвяраванням і беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Каmunikat.оrg.

Вокладка кнігі „З маёй званіцы”
Вокладка кнігі „З маёй званіцы”

Памёр Юрка Геніюш 21 лістапада 1985 года ў Беластоку пры нявысветленых абставінах. Пахаваны на праваслаўных могілках парафіі Усіх Святых у Беластоку.

Беларускае Радыё Рацыя