BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ён цудоўна ведаў, дзе можна пусціць дыялект”

Ёсць постаці, без якіх немагчыма ўявіць карту сусветнай літаратуры па-беларуску. Васіль Сёмуха — легендарны перакладчык, які падараваў нам «Фаўста», Біблію і шэдэўры нямецкай прозы — заставаўся ў цені сваіх тэкстаў. Але для калег ён быў не проста майстрам, а жывым сведкам эпохі, чалавекам трагічнага лёсу і неверагоднай мужнасці. Мы папрасілі Госця Беларускага Радыё Рацыя, паэта Андрэя Хадановіча, які не раз перасякаўся з Сёмухам на літаратурных сцежках, каб падзяліўся ўражаннямі пра сустрэчы з ім.

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

РР: Што вам запомнілася з вашых стасункаў з Васілём Сёмухам?

Андрэй Хадановіч: У адносінах з Сёмухам не магу падзяліць дзве ягоныя іпастасі, з аднаго боку- акадэмічная, якая выклікае бязмежную павагу – чалавек-біяграфія, чалавек некалькіх моваў, чалавек, які стварыў добрую палову беларускага перакладнога канону з гётаўскім “Фаўстам” і “Сімпліцій Сімплісімус” Грымельсгаўзена, з неверагоднай паэзіяй ХVII стагоддзя, барочнай.

Перакладчык, якога заўсёды было відаць па почырку. Ён перадаваў з аднаго боку паэтыку тых усіх дзеячаў, умеў скараціць дыстанцыю паміж далёкай мовай і культурай і беларускім чытачом, ён як бы быў агентам Гётэ, Грымельсгаўзена, каго заўгодна, латышскіх паэтаў і паэтак, польскіх паэтаў, Юльяна Тувіма, напрыклад. Генеальна перастварыў баль у оперы.

Але разам з тым на гэты голас дзесьці паміж словамі накладалася яго ўласная паэтыка, можна было не падпісваць гэты пераклад, было відаць, чуваць, што гэта перастварэнне Сёмухі, почырк прафесійны. Гэта адно, а другое – чалавек фантасмагарычна жывы, актыўны і малады. Часам, калі працуеш з іншымі культурамі, з іншымі эпохамі, ператвараешся ў такі хадзячы музей, нейкая паціна акадэмічная, нейкі пыл музейны, уяўляеш чалавека зашпіленага на ўсе гузікі.

А дзядзька Васіль быў чалавекам разняволеным, абсалютна маладым унутрана пачуваўся, не лез па словы ў кішэню, мог востра пажартаваць.

Калі ён штосьці рэдагаваў, а мне пашчасціла, ён неяк прызнаўся ў чытацкай любові да маіх першых паэтычных кніжак, і я зрэагаваў, ніхто за язык не цягнуў, – вось вам, шаноўны дзядзька Васіль, кніга на рэдактуру. Ён пагадзіўся рэдагаваць кнігу “Сто лі100ў на tut.by”. І не столькі там было прапановаў і правак, колькі актыўнага дыялогу, проста маргіналіяў тэксту на палях, дзе ён свае асацыяцыі, свае жарты і анекдоты ў тэму, паралельныя ўспаміны – тут з табой пагаджаюся, а тут у мяне абсалютна інакш, ой, як смачна Варшаву апісаў па Вісле, напрыклад. І гэтыя ўсе, канешне, залацінкі дарагога вартыя.

У дзядзькі Васіля, думаю, што нездарма тое ж самае пакаленне, што і Рыгор Барадулін, але калі Барадулін насяляў свае тэксты жывой вушацкай мовай, то Сёмуха быццам даваў прапіску, бо цудоўна ведаў літаратурныя нормы, узорную, класічную літаратурную мову. Але ведаў, дзе можна пусціць дыялект, дзе можна разняволена падпусціць прастамоўе, дзе даць слова чамусьці паляшуцкаму. І гэта вельмі арганічна ў яго тэкстах жыве.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя