21 чэрвеня спаўняецца 160 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Сержпутоўскага (1864–1940) – беларускага этнографа, фалькларыста, мовазнаўцы, правадзейнага члена Інбелкульта.

Аляксандр Сержпутоўскі нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і Сержпутоўскіх, якая жыла ў вёсцы Бялевічы Слуцкага павета Менскай губерні (зараз Слуцкі раён Менскай вобласці). Яму было каля сямі месяцаў, калі бацькі пераехалі на Ганцаўшчыну, на хутар паблізу вёскі Пярэвалакі (цяпер у Ганцавіцкім раёне Берасцейскай вобласці).
Пачатковую адукацыю Аляксандр атрымаў у Вызненскім народным вучылішчы, пасля яго заканчэння паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. 3 1884 года Аляксандр Сержпутоўскі настаўнічаў у народных вучылішчах на Мазыршчыне і Случчыне. Выкладчыцкую дзейнасць сумяшчаў са збіральніцтвам этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў: запісваў купальскія і вясельныя абрады, песні, казкі, паданні. У 1891 годзе на старонках «Минских губернских ведомостей» з’явіўся першы нарыс Аляксандра Сержпутоўскага «Голос из глуши», у якім аўтар пазнаёміў чытачоў з жыццём сялян вёскі Лучыцы, іх бытам, заняткамі і традыцыямі. За час настаўніцтва было надрукавана ў гэтай газеце звыш 20 публікацый.
У 1893 годзе Аляксандр Сержпутоўскі пераехаў у Менск, дзе працаваў пісарам у аддзяленні сялянскага пазямельнага банка, пазней у Менскім паштова-тэлеграфным ведамстве. У 1896 годзе ён пераехаў у Санкт-Пецярбург, стаў супрацоўнікам паштамта. Работу сумяшчаў з вучобай у Санкт-Пецярбургскім археалагічным інстытуце і на вышэйшых юрыдычных курсах.
У 1904 годзе беларус скончыў інстытут і праз два гады ўладкаваўся на працу ў этнаграфічны аддзел Рускага музея. Менавіта ў гэты час вучоны пачаў наладжваць экспедыцыі ў Беларускае Палессе і сам удзельнічаў у іх. Аляксандр Казіміравіч быў чалавек кампанейскі, падыходлівы да людзей, па слова ў кішэню не лез і пры неабходнасці таксама мог “збаяць” нейкую вясёлую гісторыю ці прыгоду, якая спадабалася б недаверліваму палешуку.

Вынікі паездак абагульніў у нарысе «Беларусы-палешукі» (1908) і працах «Очерки Белоруссии» (1907–1909), «Земледельческие орудия Белорусского Полесья» (1910), «Бортничество в Белоруссии» (1914) і іншыя. Выдаў зборнікі «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» (1911) і «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926), дзе поўнасцю захаваў асаблівасці мовы апавядальнікаў. Яны сталі каштоўнай крыніцай для вывучэння беларускіх гаворак. У 1930 годзе Аляксандр Сержпутоўскі апублікаваў «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў». За «Зборнік беларускіх прыказак і прымавак» (1908, рукапіс, збераглася толькі яго частка) вучоны атрымаў малы залаты медаль Аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства.

Вывучаючы і збіраючы фальклор, Аляксандр Сержпутоўскі не абмінуў увагай песню, у якой бачыў адлюстраванне духоўнага жыцця беларусаў. 3 сабранага найбольш цікавымі з’яўляюцца каляндарна-абрадавыя песні – калядныя, валачобныя, жніўныя і іншыя. Вучоны сцвярджаў, што абрадавыя творы трэба вывучаць у цеснай сувязі з асяроддзем, дзе яны бытуюць. Таму тэксты песень дапаўняў апісаннямі рытуалаў, якія іх суправаджалі. Захаваўся рукапісны зборнік «Беларускія песні», дзе змешчаны 53 творы, запісаныя ў канцы 1890-х гадоў у Мазырскім павеце. Вялікую каштоўнасць уяўляюць песні траецкія (русальныя) і талочныя, якія дапамагаюць пазнаёміцца з абрадамі і звычаямі беларуса-палешука.
Значны ўклад унёс Аляксандр Сержпутоўскі ў беларускае мовазнаўства. Ён вывучаў дыялекты («Грамматический очерк белорусского наречия дер. Чудина Слуцкого уезда Менской губернии», 1911), падрыхтаваў да друку «Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы» (1919, не захаваўся). У 1926 годзе ўдзельнічаў у рабоце акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Пераклаў некаторыя творы Тараса Шаўчэнкі (апублікаваны ў 1918 годзе ў часопісе «Чырвоны шлях»). Тут жа былі надрукаваны артыкулы пра станаўленне беларускай народнасці, паходжанне і сутнасць рэлігіі, а таксама серыя публіцыстычных нарысаў.
Вучоны склаў беларускую частку этнаграфічнай карты Расеі, якая была ўдастоена малога залатога медаля. Ён чытаў курс лекцый «Беларусь і яе насельніцтва» ў нядзельным рабочым універсітэце, выкладаў у беларускай школе ў Петраградзе, з’яўляўся правадзейным членам Інбелкульта (1925). Вучоны адным з першых пачаў адстойваць неабходнасць стварэння ў складзе этнаграфічнага аддзела Рускага музея самастойнага беларускага аддзялення, якое і было адкрыта 24 мая 1931 года. Аляксандр Казіміравіч распрацаваў планы перасовачных выставак «Беларусы», «Украіна», «Беларусы і БССР», адбіраў беларускія экспанаты для міжнароднай этнаграфічнай выстаўкі (адбылася ў 1939 г. у Ліверпулі).
Шырокае кола навуковых інтарэсаў, актыўная грамадзянская і жыццёвая пазіцыя Аляксандра Сержпутоўскага дазволілі яму заняць пачэснае месца сярод выдатных беларусазнаўцаў. Навуковыя працы, кнігі, шматлікія архіўныя матэрыялы вучонага і сёння прыцягваюць увагу фалькларыстаў, літаратараў, гісторыкаў, а таксама шырокай чытацкай аўдыторыі. Многія выданні Аляксандра Сержпутоўскага сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Яго рукапісная спадчына захоўваецца ў Расейскім этнаграфічным музеі, Пушкінскім Доме, Дзяржаўным Рускім музеі, Расейскай акадэміі навук (усе ўстановы – у Санкт-Пецярбургу), Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Аляксандр Сержпутоўскі памёр ад сардэчнага прыступу 5 сакавіка 1940 года ў г. Санкт-Пецярбургу.
У лясной глухамані Палесся знікаюць апошнія сляды і прыкметы сядзібы Сержпутоўскіх. На ўзлеску ў 2003 годзе ўстаноўлены памятны знак: “Тут з 1864 па 1885 гады жыў Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі, знакаміты беларускі этнограф і фалькларыст”. Яго імем названы вуліцы ў вёсках Чудзін і Пярэвалакі Ганцавіцкага раёна. Імя славутага земляка Аляксандра Сержпутоўскага ўвекавечана ў г. Ганцавічы на Алеі пісьменства (2011).

Помнік у Ганцавічах

Канверт, прысвечаны Аляксандру Сержпутоўскаму
Беларускае Радыё Рацыя






