Уладзіміру Дубоўку (1900 –1976) — беларускаму паэту, празаіку, перакладчыку, крытыку, сябру літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша», вязню сталінскіх лагераў 15 ліпеня споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння.

Гэта яму належаць выдатныя паэтычныя строфы:
Пачаў – хай канчаюць другія,
Шляхі – адшукаю сабе я.
Загіну – няхай загіну,
Мне гімнам будуць завеі.
***
О Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш…
***
Не трэба мне пяяць на Беларусі?
Нас кліча рух, пякнюткае жыццё!
У песнях я – на Беларусь малюся,
Як моліцца ля возера трысцё…
Радзімай Уладзіміра Дубоўкі з’яўляецца вёска Агароднікі на Пастаўшчыне. У сям’і было шэсць сыноў і адна дачка. Будучы паэт з маленства прывык да працы. Пачатковую адукацыю ён атрымаў у Манькаўскай школе, пазней вучыўся ў Мядзельскім двухкласным вучылішчы. У 1918 годзе Уладзімір скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў на Тульшчыне (1918—1920). У 1920—1921 гадах служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў метадыстам і інспектарам беларускіх школ Наркамата асветы РСФСР і вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава, які скончыў у 1924 годзе.
Уладзімір Дубоўка быў рэдактарам беларускага тэксту «Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР» (1922—1925), адказным сакратаром пастпрэдства БССР пры ўрадзе СССР (1923—1924), выкладчыкам беларускай літаратуры Камуністычнага ўніверсітэта народаў Захаду (1924—1927), рэдактарам «Збору законаў і загадаў рабоча-сялянскага ўраду Саюза ССР» (1926—1930).

У 1927 годзе ажаніўся з Марыяй Кляўс, а праз год у іх нарадзіўся сын Альгерд.
Хоць Уладзімір Дубоўка пастаянна жыў у Маскве, але прымаў актыўны ўдзел у беларускім літаратурным руху. Сябрам літаратурнай арганізацыі «Маладняк» з’яўляўся ад часу яе ўзнікнення, быў адказным сакратаром Цэнтральнага Бюро, рэдактарам некалькіх нумароў часопіса «Маладняк», старшынёй маскоўскай філіі «Маладняка» Таксама стаў першым рэдактарам часопіса «Беларускі піянер» (цяпер часопіс «Бярозка»). Вясной жа 1926 года разам з Адамам Бабарэкам, Кузьмой Чорным, Кандратам Крапівой, Змітраком Бядулем, Язэпам Пушчам стварыў новае літаратурнае аб’яднанне — «Узвышша».

Літаратурнае згуртаванне «Узвышша». У 1-м шэрагу трэці злева — Уладзімір Дубоўка. Менск, 1928.
Праца не замінала Уладзіміру Дубоўку творчасці. У гэты час паэт выдаў свае лепшыя кнігі “Строма”, “Трысцё”, “Credo”, “Наля”.

У 1930 годзе Уладзімір Дубоўка быў арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў высылкі (у 1935 годзе тэрмін высылкі быў падоўжаны на 2 гады), а ў 1937 годзе — на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне паэт адбываў у Кіраўскай вобласці, у Чувашыі, на Далёкім Усходзе. У 1947 годзе, вызваліўшыся з лагера і не маючы права вярнуцца ні ў Беларусь, ні ў Маскву, выбраў месцам жыхарства Грузію, дзе пасяліўся з жонкай Марыяй (іх адзіны сын загінуў у 1941 годзе). Зноў быў арыштаваны ў 1949 годзе і асуджаны на 25 гадоў…

Рыгор Барадулін і Уладзімір Дубоўка.
Трыццаць гадоў Уладзімір Дубоўка не займаўся літаратурнай працай. Працаваў тынкавальшчыкам, мулярам, сталяром, юрысконсультам, эканамістам, бухгалтарам. Вярнуўся з высылкі толькі ў 1958 годзе і жыў у Маскве. Анатоль Вялюгін успамінаў, як яны, беларускія пісьменнікі, падчас нейкага пленума ці дэкады вырашылі адведаць свайго старэйшага калегу. Пасля чаркі паэт паклікаў іх на балкон і паказаў прыхаваны там чамаданчык са сталярскім рыштункам, які дапамагаў паэту зарабляць на кавалак хлеба на Далёкім Усходзе і ў Краснаярскім краі. Не выкідваў і не збываў – думаў, што яшчэ спатрэбіцца… На допытах паэта так і не прымусілі даць паказанні супраць сваіх сяброў, ён так і застаўся, паводле ўласнага выказвання, з “неадпрасаванай душой”.









Беларускае Радыё Рацыя






