BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ён пашыраў асвету на роднай мове ў Заходняй Беларусі

25 верасня споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння грамадска-культурнага і рэлігійнага дзеяча, фалькларыста і педагога Сяргея Паўловіча (1875-1940).

Сяргей Паўловіч унёс значны ўклад у развіццё беларускай педагогікі. У яго работах адлюстраваны ідэі працоўнай школы, эстэтычнага і рэлігійнага выхавання, абгрунтавана роля народнага настаўніка ў выхаванні новага пакалення. Сваёй дзейнасцю ён спрыяў таму, каб самыя шырокія колы беларусаў, асабліва дзеці і моладзь, мелі магчымасць стаць пісьменнымі, засвоіць асновы праваслаўнай веры.

Нарадзіўся Сяргей Паўловіч у вёсцы Асаўцы Кобрынскага павета Гарадзенскай губерні (цяпер Драгічынскі раён) у сям’і святара. Пасля заканчэння праваслаўнай семінарыі ў Вільні працягваў вучобу ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе вялікая ўвага надавалася вывучэнню гісторыі царквы ва Украіне і Беларусі. Менавіта таму тэма яго дысертацыі на ступень кандыдата багаслоўя, (абаронена ў 1900 годзе), была прысвечана гісторыі Замойскага ўніяцкага сабора 1720 года. Да 1908 года Сяргей Паўловіч працаваў у розных царкоўных установах. З 1909 па 1913 гады выкладаў Закон Божы ў настаўніцкай семінарыі і прыватнай жаночай гімназіі ў Рагачове. У 1913 –1918 гадах быў інспектарам народных школ Ваўкавыскага павета. У час ваенных і рэвалюцыйных падзей знаходзіўся ў Калужскай губерні Расеі, дзе займаў пасаду загадчыка фінансавага аддзялення ў аддзеле народнай адукацыі.

Найбольш плённы перыяд дзейнасці Сяргея Паўловіча звязаны з Вільняй, куды ён разам з жонкай прыехаў напачатку 1920-х гадоў. Тут раскрыўся яго талент педагога, грамадскага дзеяча, публіцыста, перакладчыка, вучонага. У 1925–1928 гадах Сяргей Паўловіч з’яўляўся выкладчыкам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. Яго педагагічная і грамадская дзейнасць была цесна звязана з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Некаторы час Сяргей Паўловіч уваходзіў у склад кіраўніцтва гэтай культурна-асветніцкай арганізацыі. Сябры таварыства выступалі за арганізацыю беларускіх пачатковых школ, народных вучылішчаў і гімназій, адкрыццё бібліятэк, хат-чытальняў, стварэнне беларускіх падручнікаў. Сяргей Канстанцінавіч быў сярод тых, хто супрацьстаяў паланізацыі, выступаў за захаванне беларусаў як нацыі. Польскія ўлады перашкаджалі дзейнасці ТБШ: забаранялі акруговыя і павятовыя з’езды, гурткі, закрывалі навучальныя ўстановы. Праца Сяргея Паўловіча ў Віленскай беларускай гімназіі і асабліва ў Галоўнай управе ТБШ знаходзілася пад пільнай увагай паліцыі і не задавальняла гарадскую адміністрацыю. У 1928 годзе яго адхілілі ад работы, некалькі разоў арыштоўвалі і прыцягвалі да суда.

«Літаратурная гарбатка» на кватэры Антона Неканды-Трэпкі ў Вільні, 1936 г. Стаіць крайні злева Сяргей Паўловіч
«Літаратурная гарбатка» на кватэры Антона Неканды-Трэпкі ў Вільні, 1936 г. Стаіць крайні злева Сяргей Паўловіч

Багаслоўска-асветніцкая і педагагічная дзейнасць Сяргея Паўловіча разгортвалася ў час, калі заходнебеларускія землі ўваходзілі ў склад Польшчы. На старонках часопісаў «Летапіс Таварыства беларускай школы» (з 1936 г. – «Беларускі летапіс»), «Пазашкольная асвета. Культурна-асветная праца ў гуртках ТБШ» і іншых друкаваліся яго артыкулы, дзе шмат увагі надавалася пытанням навучання сялянскіх дзяцей, самаадукацыі і хатняму навучанню, рэлігійнаму выхаванню. Ён быў прыхільнікам стварэння працоўнай школы, і лічыў, што такая вучэбная ўстанова павінна спрыяць гарманічнаму развіццю вучняў, падрыхтоўцы іх да творчай дзейнасці. Аб сваім бачанні мэт і задач выхавання пісаў у брашуры «Аб арганізацыі беларускай працоўнай школы» (1928) і ў «Беларускім календары» на 1929 год. У 1928 годзе ў Вільні ў друкарні імя Ф. Скарыны быў выдадзены падручнік «Пішы самадзейна: развіццё навыку самастойнага пісьма» (ч. 1), структура якога сведчыць пра высокае вучэбна-метадычнае майстэрства складальніка.

«Пішы самадзейна: развіццё навыку самастойнага пісьма»
«Пішы самадзейна: развіццё навыку самастойнага пісьма»

Нават у той час, калі ў Заходняй Беларусі рэзка ўзмацнілася паланізацыя адукацыі, Сяргей Паўловіч працягваў актыўна займацца падрыхтоўкай вучэбнай літаратуры, асабліва рэлігійнага зместу. У 1926 годзе была надрукавана «Свяшчэнная гісторыя Старога Завету», адаптаваная ім для школьнага ўзросту. Пад рэдакцыяй Сяргея Паўловіча ў 1933 годзе выйшаў «Праваслаўны малітваслоў» на царкоўнаславянскай і беларускай мовах. У 1936 годзе быў апублікаваны падручнік «Свяшчэнная гісторыя Новага Завету». Ён уключаў раздзелы «Аб малітве», «Кароткая Свяшчэнная гісторыя», «Праваслаўная вера», «З царкоўнай гісторыі», «Праваслаўная вера на Беларусі». Арыгінальнасць падручніка не толькі ў аўтарскіх перакладах Свяшчэннага Пісання і дакладным тлумачэнні асноўных палажэнняў праваслаўнай веры, у ім упершыню па-беларуску апісваюцца цудатворныя іконы, змешчаны нарыс па гісторыі Беларускай праваслаўнай царквы.

Курсы ў Радашковічах. Крайні злева стаіць Сяргей Паўловіч, 1930-я гады
Курсы ў Радашковічах. Крайні злева стаіць Сяргей Паўловіч, 1930-я гады

З вялікай увагай Сяргей Паўловіч адносіўся да духоўных патрэбнасцей дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. У 1936 годзе быў надрукаваны яго буквар «Першыя зерняткі». Ён карыстаўся вялікай папулярнасцю, што насцярожыла польскія ўлады, і тыраж другога выдання пад назвай «Zasieŭki» («Засеўкі», 1937 год) быў канфіскаваны.

«Zasieŭki»
«Zasieŭki»

У 1937 годзе Сяргей Паўловіч пачаў рэдагаваць дзіцячы царкоўны і культурна-асветніцкі ілюстраваны часопіс «Снапок» (выдаваўся ў Варшаве). Выданне змяшчала матэрыялы аб галоўных праваслаўных святах, жыцці святых Кірылы і Мяфодзія, Ефрасінні Полацкай, Віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія і іншых. На старонках часопіса друкаваліся вершы Якуба Коласа, Максіма Танка, Ніны Тарас, Міхася Машары і іншых беларускіх пісьменнікаў, пераклады класікаў літаратуры. У кожным нумары публікаваліся невялікія цікавыя артыкулы аб прыродных з’явах у Беларусі і іншых краінах, казкі, загадкі, прыказкі і прымаўкі, невялічкія заданні для дзяцей. Часопіс карыстаўся попытам, але праз год быў забаронены польскімі ўладамі.

У Сяргея Паўловіча было хворае сэрца. Ён памёр ва ўзросце шасцідзесяці чатырох гадоў і быў пахаваны на Свята-Ефрасіннеўскіх (Ліпаўскіх) могілках у Вільні.

Пятро Ластаўка, Сяргей Паўловіч і Мікола Дварэцкі , 1936 г.
Пятро Ластаўка, Сяргей Паўловіч і Мікола Дварэцкі , 1936 г.

Беларускае Радыё Рацыя