1 ліпеня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Сцяпана Крываля (1935-1996).

Сцяпан Крываль нарадзіўся ў вёсцы Гутка Івацэвіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Бацька Антон Рыгоравіч і маці Кацярына Дзмітрыеўна з гэтай жа вёскі, тут жылі іх бацькі, дзяды і прадзеды. У сям’і было чацвёра дзяцей, Сцяпан – быў трэцім.
Сярэднюю адукацыю Сцяпан атрымаў у школе вёскі Краі, затым працаваў у калгасе. Пасля службы ў Савецкай арміі юнак працаваў у той жа школе выкладчыкам дапрызыўнай падрыхтоўкі і фізкультуры.
Напачатку 1960-х Сцяпан Крываль перайшоў на працу ў маларыцкую раённую газету «Сельскае жыццё», у рэдакцыі ў той час працавалі Мікола Купрэеў, Аляксей Філатаў, Яраслаў Пархута – маладыя тады літаратары.
Працу ў рэдакцыі газеты ён спалучаў з завочнай вучобай на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На трэцім курсе Сцяпан Крываль вымушаны быў прыпыніць вучобу. Па стану здароўя даводзілася часта мяняць месца працы: то быў старшы рэдактар на Берасцейскай абласной тэлестудыі і абласным радыё, то карэспандэнт-арганізатар Жабінкаўскага радыё, то рабочым на чыгунцы ў Берасце, то супрацоўнік рэдакцыі талачынскай газеты «Сцяг Ільіча».
У час службы ў арміі пісаў вершы, якія друкаваліся ў дывізійнай газеце. Першае апавяданне Сцяпана Крываля “Рэвізор” было апублікавана 29 красавіка 1962 года ў берасцейскай абласной газеце “Заря”. Пісьменнік шмат пісаў і актыўна друкаваўся ў рэспублікахскіх выданнях.
У аснову многіх апавяданняў Сцяпана Крываля пакладзены анекдатычныя жыццёвыя выпадкі. Якую б тэму ні браў, на першым плане ў яго – маральна-псіхалагічны стан чаловека, яго ўнутранае жыццё з усімі супярэчнасцямі і падзеямі, падчас жахлівымі і непрадсказальнымі. Аўтар умела выкарыстоўваў багаты лексічны арсенал свайго палескага рэгіёна. Мова яго апавяданняў дасціпная, афарыстычная. Меркамі народнай маралі ў творах Сцяпана Крываля вымяраюцца дзеянні і ўчынкі герояў. Аўтар асуджае тых, у каго нячыстае сумленне, хто “вока чым-небудзь заткне, каб у душу не прасачыўся чалавечы сорам”.
Прыслухаўшыся да парады вядомага крытыка Уладзіміра Калесніка, Сцяпан Крываль захапіўся прозай, стаў пісаць апавяданні, навелы. Пазней яны былі аб’яднаны ў два зборнікі – «Аднойчы летам» (1990) і «Чмяліная вясна» (1996).
Першая кніга апавяданняў «Аднойчы летам» была заўважана крытыкай і прыхільна сустрэта чытачамі, прычым не толькі ў Беларусі. Пасля яе выхаду, у 1991 годзе, пісьменнік атрымаў ліст ад супрацоўніка Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Украіны з просьбай даслаць некалькі экзэмпляраў сваёй кнігі для выкладчыкаў і студэнтаў Кіеўскага ўніверсітэта, якія вывучаюць беларускую літаратуру. Сцяпан Антонавіч не мог адмовіць у такой просьбе і выслаў украінскім сябрам 12 кніг.
Другога зборніка апавяданняў пісьменнік, на жаль, не ўбачыў. 5 верасня 1996 года Сцяпан Крываль заўчасна памёр, калі яго кніга «Чмяліная вясна» рыхтавалася да выдання ў «Мастацкай літаратуры».

Беларускае Радыё Рацыя






