BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ён пісаў для беларускіх дзетак

10 чэрвеня спаўняецца 105 гадоў беларускаму паэту Авяр’яну Дзеружынскаму (1919-2002), які да сённяшніх дзён у Беларусі застаецца самым папулярным дзіцячым паэтам.

Вершы паэта чытаюцца лёгка, у іх аўтар выразна выяўляе імкненне знайсці ў размове з дзецьмі патрэбныя інтанацыі і словы. Вось, напрыклад, як гучыць вершык “Крапіва”:

Крапіва, крапіва,

Ты пякучая трава,

Ты такая злючка,

Апякла мне ручкі.

Гэта – непарадак,

Вырву цябе з градак.

Нарадзіўся паэт 10 чэрвеня 1919 года. Такое рэдкае імя далі яму ў гонар дзеда Авяр’яна, які ў пошуку лепшай долі трапіў на Украіну, працаваў на заводзе ў Марыупалі, дзе загінуў з-за няшчаснага выпадку. Як прызнаваўся пры жыцці Авяр’ян Сафонавіч, нарадзіла яго маці «ў сянніцы, пасля таго, як падаіла карову». Сваякі па-свойму вытлумачылі гэта: «Бабка парадзіха, якая аказвала дапамогу, гаварыла маці, што гэта добрая прыкмета: сын будзе расці як на дражджах і піць духмянае малако самога жыцця». У далейшым «малако» гэтае для яго, аднак, было не толькі салодкім, а часам і гаркавым. Ды ад нягод, засмучэння ратавала жыццялюбства. А заставацца аптымістам дапамагала і любоў да роднай літаратуры. Яна ж выклікала жаданне і самому пісаць.

Свае вершы, будучы школьнікам, юны паэт змяшчаў у насценнай газеце. З 1939 года друкаваўся ў раённай газеце «Калгаснік Кармяншчыны». На гэты час, скончыўшы Магілёўскі газетны тэхнікум, вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С. М. Кірава ў Менску. Праходзіў вытворчую практыку ў баранавіцкай абласной газеце «Чырвоная звязда». Калі пачалася вайна, па стане здароўя на фронт не ўзялі. Апынуўся ў Краснаярскім краі, дзе звязаў лёс з журналістыкай.

У Беларусь вярнуўся ў 1945 годзе. Працаваў журналістам. А для душы пісаў вершы. З іх пазней «вырасла» кніга «Песні маладосці» (1951). Праз два гады выйшла другая — «Калінавы цвет». Асобныя яго творы на музыку паклалі такія вядомыя кампазітары, як Мікалай Аладаў, Уладзімір Алоўнікаў, Генрых Вагнер, Яўген Глебаў, Юрый Семяняка. Песні ж Авяр’яна Дзеружынскага «Мяцеліца» і «Сабірайся ў госці, мой дзядок» сталі народныя.

Тым не менш сапраўднае прызнанне ён знайшоў у паэзіі для дзяцей. Першая кніга для іх «Цуды ёсць на свеце» пабачыла свет у 1960 годзе. За ёю, як у народзе кажуць, з рога ўсяго многа: «Дзе жыве зіма» (1962), «Карагод» (1963), «Ляцелі птушкі» (1964), «Яе завуць Каця» (1965), «Кую-кую ножку» (1967). І так год за годам, зборнік за зборнікам.

Шмат у паэта напісана і пацешак, розных небыліц. Ахвотна пісаў Авяр’ян Дзеружынскі і казкі, выкарыстоўваючы ўжо вядомыя, неаднойчы апрацаваныя сюжэты ці даючы волю фантазіі. Зноў жа ў гэтых творах суседнічаюць займальнасць і навучальнасць. «Бай, казкі бай», – сказаў Авяр’ян Сафонавіч вуснамі дзетак у адным са сваіх вершаў. Ён і сам быў свайго роду добры Бай, які не адно дзесяцігоддзе нёс малечы радасць. І працягвае яе несці сваім шчырымі вершамі для дзетак-беларусаў, якія друкуюцца і перадрукоўваюцца ў розных выданнях.

Беларускае Радыё Рацыя