12 верасня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння беларускага драматурга, журналіста, заслужанага работніка культуры Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікалая Матукоўскага (1929-2001).
Нарадзіўся Мікалай Матукоўскі ў вёсцы Калюціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Перад пачаткам вайны вучыўся ў Матылёўскай школе. У гады акупацыі разам з маці, старэйшымі братамі і сястрой знаходзіўся ў партызанскай зоне. У лістападзе 1943 года праз Віцебскія (Суражскія) «вароты» яны былі эвакуіяваны за лінію фронту ў г. Заходняя Дзвіна. Там Мікалай Матукоўскі пачаў працаваць стажорам кіроўцы ў мясцовай МТС. У 1945 годзе паехаў да брата ў Кішынёў. А ў 1947 годзе вярнуўся ў Беларусь.
З 1950 па 1956 гады юнак вучыўся на завочным аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1952–1960 гг. з’яўляўся літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела навукі і школ, аддзела літаратуры і мастацтваў у рэспубліканскай газеце «Звязда». У 1960–1964 гадах быў галоўным рэдактарам літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, потым галоўным рэдактарам рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры Беларусі (1964–1966). З 1966 г. – уласны карэспандэнт, з 1970 г. – загадчык Беларускага аддзялення рэдакцыі газеты «Известия». З 1993 па 1995 гады працаваў у газеце «Рэспубліка». У 1995–1998 гадах з’яўляўся кіраўніком літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Друкавацца Мікалай Матукоўскі пачаў з 1950 года. Яго нарысы, фельетоны, вершы, публікаваліся ў Расонскай раённай, Полацкай абласной, а таксама ў рэспубліканскіх газетах. У артыкулах пісаў пра захаванне ўнікальнай флоры і фаўны («Белавежская пушча»), будучыню Палесся («Чаму знікаюць рэкі?» і «Палеская цаліна»), раскрываў недахопы ў сельскагаспадарчай вытворчасці («Раз картошка, два картошка…», «Дальні прабег бульбы», «Беларускі лён. Што з ім адбываецца?»), асвятляў пытанні эканомікі і маралі. Журналісцкую працу Мікалай Матукоўскі сумяшчаў з літаратурнай дзейнасцю. Яго першая п’еса – камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (або «Уваскрасенне Дон Кіхота») – была напісана ў 1965 годзе і праз год пастаўлена ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача ў Менску. У 1967 годзе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры адбылася прэм’ера гераічнай драмы «Тры дні і тры ночы» (1966).
У 1970 годзе Мікалай Матукоўскі прыняў удзел у рэспубліканскім конкурсе на лепшы драматургічны твор, на які прадставіў камедыю «Амністыя». Яна атрымала другую прэмію і прынесла аўтару сапраўдны поспех. Пасля прэм’еры ў Купалаўскім тэатры (1970) п’еса была ўключана ў рэпертуар многіх тэатраў Беларусі. Наступныя творы – «Апошняя інстанцыя» (1975) і «Наследны прынц» (1976) вызначаліся дынамічнасцю і займальнасцю сюжэта, праўдзівасцю і глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары.
Шырокую вядомасць атрымала сатырычная камедыя Мікалая Матукоўскага «Мудрамер» (1986). П’еса пастаўлена Купалаўскім тэатрам у 1987 годзе (у 1988 г. адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі). Драма «Бездань» і камедыя-фарс «Калізей» былі напісаны драматургам у 1992 годзе. У 1998 годзе ён завяршыў п’есу «Зомбі, альбо Мудрамер-два», перапрацаваў для тэатральнай пастаноўкі вядомую казку Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка». У 1999 годзе напісаў п’есу «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» Васіля Быкава).
У драматургічных творах Мікалай Матукоўскі раскрываў вострыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, асуджаў бюракратызм, безадказнасць, абыякавасць, асвятляў пытанні выхавання моладзі і сямейных узаемаадносін. Ён з’яўляецца таксама аўтарам дакументальнай аповесці «Менск» (1982, пра Менскае падполле 1941–1944 гг.) і кнігі публіцыстыкі «Чужая беда» (1987). Па сцэнарыях Мікалая Матукоўскага зняты дакументальныя фільмы «Менск – горад герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), мастацкія кінастужкі «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980) і іншыя.
Беларускае Радыё Рацыя