BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ён пісаў пра зоркі на камені

6 красавіка спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння двойчы рэпрэсаванага беларускага паэта, празаіка і перакладчыка Міколы Хведаровіча (1904-1981).

Мікола Хведаровіч нарадзіўся ў мястэчку Капыль у сялянскай сям’і. У часы Першай сусветнай вайны, як бежанец, жыў у Калузе, у дзіцячым прытулку для дзяцей-бежанцаў. Вучыўся ў гарадскім вучылішчы, дзе, у прыватнасці, матэматыку выкладаў Канстанцін Цыялкоўскі.

У 1918 годзе вярнуўся дамоў і паступіў у Цімкавіцкае гарадское вучылішча. З прыходам немцаў вучылішча закрылі, і Мікола Хведаровіч пачаў працаваць батраком. У пачатку 1919 года, з прыходам Чырвонай Арміі, ён уступіў у камсамол і з’яўляўся адным з арганізатарам камсамольскіх ячэек на Случчыне.

Алесь Кучар, Мікола Хведаровіч, Юлі Таўбін. За імі — Аркадзь Куляшоў, 1930-я гады

У 1925 годзе беларускі юнак атрымаў накіраванне на вучобу ў Менск на рабфак. У 1931 годзе ён вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў». У 1934 годзе з’яўляўся дэлегатам Першага ўсесаюзнага з’езда пісьменнікаў.

Міколу Хведаровічу не мінулі сталінскія рэпрэсіі. Ён быў прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. Знаходзіўся на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска, працаваў у г. Каршы (Узбекістан). У 1949 годзе беларуса паўторна арыштаваны і сасланы ў г. Енісейск Краснаярскага краю. Але ўсё перажыў і вярнуўся на Бацькаўшчыну. Яго рэабілітавалі 28 верасня 1955 года. У 1956 годзе ён прыехаў у Менск.

Мікола Хведаровіч сядзіць крайні злева з супрацоўнікамі часопіса Полымя, 1963 г.

У друку Мікола Хведаровіч пачаў выступаў з 1924 гoда. У 1929 годзе выходзіць першая яго кніжка вершаў «Настроі», а потым «Рытмы», «Баявыя песні» (абедзве 1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Зоркі на камені» (1968), «Крынічка» (1978), «Любістак» (выбранае, 1984) і інш.

Аўтар аўтабіяграфічнай аповесці «Споведзь перад будучыняй» (1978), кніг нарысаў і ўспамінаў пра выдатных беларускіх пісьменнікаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выданне перапрацаванае ў 1977), «Незабыўнае» (1976). Пісаў творы таксама для дзяцей. Выдаў кніжкі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973) і іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя