BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ён стаяў на баку чалавечнасці

24 чэрвеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння таленавітага беларускага пісьменніка, перакладчыка, публіцыста Кузьмы Чорнага (1900-1944).

Сапраўднае імя Кузьмы Чорнага – Мікалай Карлавіч Раманоўскі. Ён нарадзіўся на Случчыне, у вёсцы Боркі (цяпер – Борка-Бялевічы), дзе правёў першыя 7 гадоў свайго жыцця. У 1907 яго сям’я пераехала ў фальварак Вінцэтава, дзе яны працавалі парабкамі. Школ паблізу фальварка не было, а бацька будучага пісьменніка вельмі хацеў, каб старшы сын атрымаў добрую адукацыю, таму ўжо праз год яны з’язджаюць і селяцца ў мястэчку Цімкавічы, дзе знаходзілася народнае вучылішча. Мікалай паказаў сябе здольным вучнем, але паступіць у Нясьвіжскую настаўніцкую семінарыю ў яго атрымалася толькі праз два гады пасля заканчэння вучылішча – у 1915 годзе, а да гэтага юнак разам з бацькам працаваў на гаспадарцы. Да часу вучобы ў семінарыі належаць і першыя літаратурныя спробы Мікалая.

У 1920 годзе Мікалай Раманоўскі скончыў вучобу, а ў 1922 годзе ўжо выкладаў у Цімкаўскай сямігадовай школе, але ўжо праз год з’ехаў у Менск, каб паступіць там у толькі што адкрыты Беларускі ўніверсітэт. У гэты ж час у газеце “Савецкая Беларусь” выходзяць апавяданні Мікалая Раманоўскага, падпісаныя псеўданімам Кузьма Чорны. Чорным калісьці празвалі яго дзеда, вядомага ў сваёй акрузе майстра-сурвэтніка.

Кузьма Чорны і Адам Бабарэка, 1925 г.

У снежні 1923 года пісьменнік становіцца сябрам толькі што створанага аб’яднання “Маладняк”, шмат займаецца літаратурнай дзейнасцю. Першыя яго зборнікі – “Апавяданні” і “Срэбра жыцця” – выходзяць у 1925 годзе. На некаторы час Кузьма Чорны вымушаны быў пакінуць вучобу і з’ехаць у Крым праз хваробу лёгкіх, а вярнуўшыся – ён пачынае працаваць у газеце “Беларуская вёска”.

З гэтага часу Кузьма Чорны публікуецца амаль кожны год: у 1926 годзе ён становіцца старшынёй літаратурнага аб’яднання “Узвышша”. З друку выходзяць адразу тры яго зборнікі твораў “Па дарозе”, “Пачуцці” і “Хвоі гавораць”. Праз год Кузьма Чорны пачынае пісаць свой першы раман “Сястра”, а ў 1928 годзе выдаецца другі раман пісьменніка “Зямля”.

Калі ў 1930 годзе пачаліся рэпрэсіі, Кузьма Чорны хутчэй выпадкова не страціў працу разам са шматлікімі сваімі сябрамі, якіх гэтыя падзеі закранулі. Яму давялося шмат у чым перагледзіць свой творчы падыход, і ў 1931 годзе з’яўляецца раман “Бацькаўшчына”, па якому да саракавых гадоў Кузьма Чорны напісаў некалькі п’ес. А ў 1934 годзе – застаўся так і не скончаны раман “Трыццаць год”. Кузьма Чорны быў адным з арганізатараў Саюза пісьменнікаў, шмат дапамагаў маладым аўтарам.

Кузьма Чорны з першай жонкай Ідай Чырвань, сёстрамі і братам. Восень 1925 г.

Рэпрэсіі захліснулі Чорнага толькі ў 1938 годзе: ён быў арыштаваны, але ўжо праз год яго выпусцілі з турмы, калі да ўлады прыйшоў Берыя. Заключэнне падарвала здароўе пісьменніка, жахі засценкаў паўплывалі і на яго псіхалагічны стан. Але Кузьма Чорны спяшаецца працягнуць сваю літаратурную працу. Да пачатку Другой сусветнай вайны ён напісаў тры раманы. А калі пачаліся баявыя дзеянні, ён уступіў у армію, але быў перанакіраваны ў групу журналістаў, працаваў у газеце “Раздавім фашысцкую гадзіну”.

У 1942 годзе Кузьма Чорны разам з сям’ёй апынуўся ў Маскве. Ён працаваў у часопісе “Беларусь”, дзе публікуецца пад псеўданімамі: Максім Алешнік, Арцём Чамярыца, Ігнат Булава з-пад Турава і іншымі. У гэты ж год асобнай кніжкай выходзяць яго сатырычныя фельетоны.

У 1943-1944 гадах выходзяць, напэўна, самыя вядомыя раманы Кузьмы Чорнага: “Пошукі будучыні”, “Млечны шлях” і “Вялікі дзень”, над якім пісьменнік пачаў працаваць яшчэ напачатку вайны.

Калі ў 1944 годзе быў вызвалены Менск, Кузьма Чорны вярнуўся на радзіму, але жыць яму засталося ўсяго два месяцы. 22 лістапада 1944 года пісьменнік памёр ад інсульту і быў пахаваны на Вайсковых могілках. Шмат раманаў і аповесцяў яго засталіся незавершанымі.

Кузьму Чорнага часта называюць беларускім пачынальнікам беларускай філасофскай і псіхалагічнай прозы. Героі Чорнага, асабліва ў сталай яго творчасці, схільныя да самааналізу і рэфлексіі. Увага аўтара засяроджана на характарах і прычынах чалавечых паводзінаў. Кузьма Чорны імкнецца даць сваім героям не толькі вонкавую, але і глыбокую ўнутраную характэрыстыку. Ён заўсёды стаіць на баку маральнасці і чалавечнасці, закранае праблемы выхавання, паводзінаў людзей у цяжкі час войнаў і рэпрэсій. 

Імя Кузьмы Чорнага ўшанавана ў Беларусі. Імем яго названа школа ў Цімкавічах Капыльскага раёна. У Цімкавічах існуе літаратурны музей славутага земляка. Яго імем названы вуліцы ў Бабруйску, Менску, Нясвіжы, Слуцку. У 2000 годзе на Капыльшчыне адкрыты два мемарыяльныя знакі.

На адным з будынкаў у Менску на вуліцы Кузьмы Чорнага.

Беларускае Радыё Рацыя