BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ён выступаў за ўжыванне беларускай мовы ў касцёлах

20 снежня спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння беларускага святара-марыяніна, публіцыста Язэпа Дашуты (1890-1966).

Язэп Дашута нарадзіўся ў 1890 годзе ў Саколцы на Беласточчыне ў мяшчанскай сям’і. Спачатку вучыўся ў Сакольскім 4-класным вучылішчы, а ў 1911годзе скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Падчас вучобы быў актыўным сябрам гуртка беларусаў-семінарыстаў. У 1918 годзе Язэп Дашута быў пасвечаны ў святары літоўскім біскупам Францішкам Карэвічам у Віленскім семінарыйным касцёле.

Сваю душпастырскую дзейнасць беларус распачаў на пасадзе вікарыя ў парафіі Дабжынаў Беластоцкага дэканату. Пасля атрымаў дазвол ад Віленскага біскупа Юрыя Матулевіча на вучобу ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.

Па ініцыятыве таго ж Юрыя Матулевіча ў 1923 годзе ў Друі (цяпер Браслаўскі раён) быў адчынены беларускі кляштар айцоў марыянаў, куды ў 1925 годзе прыехаў і Язэп Дашута. Пад кіраўніцтвам а. Андрэя Цікоты ён адбывае год навіцыяту ў Друі і выязджае на далейшую вучобу ў Рым, дзе праз год абараніў доктарскую дысертацыю па кананічным праве. Але з-за сваёй сціпласці а. Язэп Дашута ніколі нікому пра гэта не казаў.

На Свяце Мора ў Друі на пярэднім плане Андрэй Цікота і Язэп Дашута, 1930-я гады

Напрыканцы 1927 года ён зноў вяртаецца ў Друю, дзе яго чакае цяжкая душпастырская праца вікарыя, а пасля — пробашча. У адным з лістоў да а. Рэклайціса ў Рым Язэп Дашута пісаў: «Душпастырскую працу люблю, але пры сённяшніх адносінах суседніх святароў да Друі, асабліва да яе пробашча, працаваць тут незайздросна. Накідаюцца з усіх бакоў…».

Напачатку верасня 1938 года польская паліцыя загадала друйскім айцам-марыянам Я. Дашуту, К. Смульку, В. Хамёнку і Ю. Кашыру тэрмінова выехаць з пагранічнае паласы. Таму 9 верасня яны ціха пакінулі Друю. Язэп Дашута выехаў у марыянскі польскі кляштар у г. Скужэц каля Седльцаў, але і там ён заставаўся шчырым беларускім святаром, падтрымліваў сувязі з беларусамі з многіх краін свету, а таксама вёў з імі вялікую перапіску.

Язэп Дашута трэці справа ў сям’і Сіповічаў у Друі, 1935 г.

У гады Другой сусветнай вайны і пасля вайны Язэп Дашута ў Польшчы  займаўся душпастырскай дзейнасцю ў кляштарах Грудзёндза і Влацлаўка. Ён заўсёды быў шчырым чалавекам, вясёлым і добрым, асабліва тады, калі некаму рабіў нешта карыснае і прыемнае, забываючы пра сябе. Наогул, святар Дашута ніколі не любіў расказваць пра сваё жыццё і пра сябе. Больш любіў размаўляць пра справы агульнакасцёльныя і грамадскія, але без палітыкі. Сам жыў паводле касцёльнага права і ў гэтым духу выхоўваў маладых клерыкаў, для якіх доўгі час быў духоўным айцом.

Святар Язэп Дашута моцна любіў касцёл, а ў заходнебеларускім рэлігійным і культурна-асветным жыцці міжваеннага дваццацігоддзя ён прымаў самы актыўны ўдзел, а таксама выступаў за шырокае ўжыванне беларускай мовы ў беларускіх каталіцкіх парафіях. Святар памёр 9 верасня 1966 года і пахаваны ў Варшаве.

Беларускае Радыё Рацыя