10 лістапада спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння паэта-сатырыка, публіцыста, музейшчыка, фалькларыста Івана Курбекі (1934-2009).

Іван Курбека нарадзіўся ў вёсцы Серабрышча Баранавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Моўчацкай сярэдняй школы Іван Курбека паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое паспяхова скончыў у 1958 годзе.
У яго працоўнай кніжцы былі толькі два запісы аб месцах працоўнай дзейнасці: з 1958 года ён навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Янкі Купалы і з 1964 года – навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела, старшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Якуба Коласа (цяпер Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа).

Літаратурную дзейнасць Іван Курбека пачаў у 1958 годзе. Ён актыўна выступаў у перыядычным друку, на радыё і тэлебачанні, прапагандуючы творчасць класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, іх сваякоў і бліжэйшае акружэнне.
Іван Курбека заўсёды ўсміхаўся і пісаў шмат сатырычных твораў. Ён з’яўляецца аўтарам зборніка гумарыстычных вершаў «Абы здароўе» (1979), кнігі лінгвістычных загадак (шарады, метаграмы, лагарыфы, анаграмы) «Хітрыя літары» (1991; 2004), зборніка «Руска-беларускія крыжасловы: займальны дапаможнік для ўдасканалення мовы» (1993) і іншых. Кнігі аўтара да сённяшніх дзён вылучаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, народнай дасціпнасцю, тонкім гумарам, уменнем абыграць з’яву, характар, паводзіны чалавека, перафразаваць выказванне персанажа, падаць яго ў смешным, гумарыстычным плане. Яго сатырычныя вершы ўражваюць дасціпнасцю, уменнем абыграць любую прыродную з’яву, нечакана па-новаму перафразаваць чужое выказванне ці думку свайго суразмоўцы. Прырода надзяліла яго тонкім гумарам, талентам імітацыі, падробкі людскіх галасоў – Петруся Броўкі, Янкі Маўра, Рыгора Шырмы, Івана Шамякіна і іншых піьменнікаў. Іван Сцяпанавіч лічыў, што яго сатыра і тонкі гумар перайшлі да яго ад бацькі.

Іван Курбека запісваў розныя жанры вусна-паэтычнай творчасці пераважна ў Берасцейскай і Віцебскай абласцях. Фальклорныя запісы пісьменніка ўвайшлі ў тамы серыі “Беларуская народная творчасць”.
Апошняя кніга пісьменніка выйшла ў 2008 годзе – «Запрашэнне ў музей». Кніга ўспамінаў, вершаў, публіцыстыкі атрымалася цікавай і змястоўнай. Гэта прыкметны ўнёсак пісьменніка ў развіццё музеязнаўства ў Рэспубліцы Беларусь.



Іван Курбека – аўтар шматлікіх літаратурна-крытычных артыкулаў, успамінаў пра тых постацей, з якімі ён сустракаўся. Каля пяцідзесяці гадоў Іван Сцяпанавіч адпрацаваў на ніве музейнай справы, жывым майстэрскім словам ушаноўваў памяць народных песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа ў самых розных аўдыторыях краіны, сярод вучоных, дзеячаў культуры, рабочых, сялян, вучняў, вайскоўцаў.
Іван Курбека раптоўна памёр 1 красавіка 2009 года. Пахаваны на радзіме каля сваіх бацькоў.
Беларускае Радыё Рацыя






