BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ён знікнуў, як дым

19 кастрычніка спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння літаратуразнаўца, крытыка, пісьменніка, публіцыста, аднаго з пачынальнікаў беларускай прафесійнай літаратурнай крытыкі Сяргея Палуяна (1890-1910).

За кароткія гады свайго жыцця Сяргей Палуян паспеў заваяваць шырокае прызнанне ў таварышаў па пяру не толькі ў Беларусі, але і на Украіне, дзе правёў два апошнія гады свайго жыцця.

Імя Сяргея Палуяна да нядаўняга часу ведалі не па яго творчасці, а па вершах-прысвячэннях Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Цішкі Гартнага, Алеся Гурло, дзеячаў тагачаснай дэмакратычнай украінскай літаратуры. Вялікі Янка Купала ўзвёў бессмяротны “Курган” на яго дачаснай магіле, Максім Багдановіч свой адзіны прыжыццёвы “Вянок” усклаў на “магілу Сяргею Палуяну”.

Нарадзіўся Сяргей Палуян у Брагіне ў шматдзетнай сям’і. Дзед яго быў прыгонным селянінам, калісьці працаваў у воласці, за прыкладную службу атрымаў кавалак зямлі і саслоўнае званне мешчаніна г. Рэчыцы. Бацька браў у арэнду зямлю, а пасля, дзякуючы спадчыне, а таксама жончынаму пасагу, змог набыць зямлю, купіў у 1897 годзе маёнтак Крышычы Юравіцкай воласці (цяпер Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці). Тут, сярод цудоўнай прыроды, і правёў Сяргей Палуян свядомае маленства. Вучыўся спачатку ў Мазыры ў шасцігадовай прагімназіі, там жа ўпершыню пазнаёміўся з рэвалюцыйнымі ідэямі, што не засталося незаўважаным дырэкцыяй. Хутка Сяргей Палуян мусіў перапыніць вучобу. Працягваў яе ўжо пад апекай родных дзядзькоў-выкладчыкаў у гімназіі г. Мітава (цяпер г. Елгава, Латвія). Пагроза паўторнага выключэння за актыўную антыўрадавую дзейнасць прымусіла будучага пісьменніка спыніць вучобу і вярнуцца на радзіму. Працаваў на бацькавай гаспадарцы, спазнаў нялёгкую сялянскую працу, зблізіўся з навакольнай беднатой, сярод якой працягваў агітацыю, удзельнічаў у рэвалюцыйным руху 1905 года, што прывяло да канчатковага разрыву сына з бацькам.

Сяргей Палуян назаўсёды пакінуў родныя мясціны і без сродкаў паехаў у Кіеў. Спачатку знайшоў прытулак у роднага дзядзькі, потым перайшоў на прыватную кватэру. Сваё нядоўгае самастойнае жыццё юнак правёў у страшэннай галечы. Жыў на сціплыя ганарары за свае артыкулы і рэцэнзіі ва ўкраінскім перыядычным друку, на выпадковыя заробкі рэпетытара, карэктара і г. д. Яму, хто меў выключныя здольнасці да навукі, не ўдалося скончыць нават звычайную гімназію, давялося здабываць веды самаадукацыяй.

З лета 1909 года і да сакавіка 1910 года Сяргей Палуян – супрацоўнік “Нашай Нівы” ў Вільні. Тут ён пазнаёміўся з прагрэсіўнымі маладымі літаратурнымі дзеячамі Беларусі. Адразу сышоўся і пасябраваў з Янкам Купалам, Цішкам Гартным, вёў перапіску з Максімам Багдановічам. Здавалася, для Сяргея Палуяна ўсё складвалася найлепшым чынам. Але напачатку сакавіка 1910 года ён парывае з рэдакцыяй, пакідае Вільню і вяртаецца ў Кіеў. У ноч з 7 на 8 красавіка, на дваццатым годзе, ён скончыў жыццё самагубствам.

Пачатак рукапісу паэмы Янкі Купалы Курган з прысвячэннем Сяргею Палуяну, 1910 г.

З творчай спадчыны Сяргея Палуяна да нас дайшлі толькі два мастацкія творы. Гэта апавяданне “Вёска” і верш-абразок у прозе “Хрыстос уваскрос!”. Найшырэй прадстаўлены публіцыстыка і крытыка Сяргея Палуяна, што публікаваліся на старонках “Нашай Нівы”, а таксама ва ўкраінскай перыёдыцы. Сярод асноўных работ – першы ў беларускай крытыцы аглядны артыкул “Беларуская літаратура ў 1909 годзе”, “Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках”, рэцэнзія на падручнік Якуба Коласа “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”. Усе гэтыя работы – выдатная заяўка пісьменніка на самастойнасць і шырыню крытычных поглядаў, яркае сведчанне таго, што малады крытык арыентаваўся на перадавую літаратуру, першаснымі асновамі літаратуры сцвярджаў народнасць, справу служэння сацыяльнаму і нацыянальнаму разняволенню. Выступаў Сяргей Палуян і як тэатральны крытык (“Віленская беларуская вечарынка”, “Беларускія вячоркі” і інш.). Даследаваў таксама ўкраінскую культуру і літаратуру, беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі. Пісьменнік адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры (“Пра нацыянальную школу на Беларусі”, цыкл артыкулаў “З нашага жыцця”), падтрымліваў духоўнае адраджэнне іншых нацый (“Нацыянальнае адраджэнне чувашоў”, “Якуцкі нацыянальны рух”). Для яго творчай манеры характэрна валоданне жывым народным словам, доказнасць і аргументаванасць выказванняў, ужыванне гістарычных аналогій.

Уся творчасць Сяргея Палуяна вызначаецца глыбокім дэмакратызмам і патрыятызмам, высокім прафесійным узроўнем, імкненнем далучыць роднае мастацкае слова да агульнаеўрапейскага кантэксту, глыбінёй аналітычнага мыслення, вобразным багаццем мовы.

Беларускае Радыё Рацыя