Марына Струнеўская
Этнацэнтр “Світанак” запрашае ўсіх ахвотных у вандроўку на свята “Багач” на Падляшша. Яна адбудзецца 27-29 верасня па маршруце Вільня – Беласток – Бельск (Студзіводы) – Вільня.
Як кажа Госця Рацыі – кіраўніца этнацэнтра “Світанак” Марына Струнеўская, падчас вандроўкі беларусы пазнаёмяцца з этнічнымі беларусамі Падляшша і іх культурнай спадчынай. Таксама ў вандроўку будуць уключаныя аглядныя экскурсіі па ваколіцах для вывучэння гісторыі і традыцый падляшскіх беларусаў, наведванне музеяў:
– Хачу з гуртом “Світанак” запрасіць слухачоў на Падляшша. 27-га ў нас будзе выезд з Вільні, мы паедзем на выставу Кацярыны Ваданосавай, а потым у нас будзе вечар з дыяспарай Беластока. 28-га мы паедзем да нашых беларусаў на Падляшша, да этнічных беларусаў. Там два калектывы, Ганна і Дарафей Фіёнікі кіруюць двума гуртамі “Жэмерва” і “Асочнікі”.
У нас будзе сумесны канцэрт, вясельны канцэрт, дзе мы ўвогуле патлумачым, якія песні спяваліся, якія абрады ладзіліся. Канешне, правядзём абрад “Багач”. І ночыць мы будзем у сапраўднай вёсцы. Але там усё зроблена сучасна, і індукцыйныя пліты, і вельмі камфартабельныя нумары. Але вось у акно глядзіш – а там проста поле, вёска, прастора, дзе дзеці змогуць пабегаць, а дарослыя змогуць запаліць агонь. Там усё вельмі аўтэнтычна, ёсць дзе дзецям пабегаць, і ў нас усё ж такі такая звышзадача – перадаваць з пакалення ў пакаленне, вырошчваць наступную нацыю. І самы лепшы прыклад – гэта ўзяць свайго дзіця і паехаць з намі ў вандроўку.
РР: Распавядзіце, калі ласка, пра абрад “Багач”.
Марына Струнеўская: “Багач” – гэта адзін з чатырох вельмі важных абыходаў двароў. Сам багач – гэта тое зерне, жыта, якое жалі жнейкі на дажынках. І раней, да дваццатых гадоў, да чырвонага тэрору, яго аддавалі самаму багатаму гаспадару, якому належала ніва і ўсё. І вось усе жнейкі і ўсе людзі неслі ў такую спецыяльную скрыню і скідвалі гэтае зерне. Пасля дваццатых гадоў абрад усё роўна захаваўся, таму што гэта нашы архаічныя абрады, нягледзячы на тое, што прыйшло хрысціянства, нас стараліся пераканаць быць хрысціянамі, мы моўчкі, ціхенька ў хаце, перадаючы з пакалення ў пакаленне, захавалі гэтыя традыцыі. Абрад “Багач” і вось абрад “Хадзіў раёк”.
Раёк – гэта такі беларускі Бог, вакол якога раіліся пчолы.
РР: Як выглядаў гэты Бог? Усе ведаюць і ўяўляюць, напрыклад, хто такі дамавік, а вось Раёк?
Марына Струнеўская: Раёк – гэта такі стары дзядок, невялічкага росту, але з доўгай барадой. Вось ён такі дабрак. Вакол якога раіліся пчолы і вельмі любілі дзеці. Ён невялікага росту, як дзеці, такі выгляд мае. Але яго шанавалі як усіх Багоў нашага беларускага пантэона архаічнага.
І быў такі абрад “Хадзіў раёк” – усе дзяўчаты, жанчыны, маладыя хлопцы хадзілі ўсе разам ад хаты да хаты і глядзелі, што ў каго ёсць. Вось у вас, напрыклад, шмат бульбы ўрадзіла, а ў мяне шмат агуркоў. Нам трэба памяняцца, каб і вам хорашанька зіму перазімаваць і мне добра. Вось яны мяняліся, і быў такі кірмаш насамрэч.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Запісацца ў вандроўку можна па спасылцы.
Беларускае Радыё Рацыя