Беларускія народныя святы, абрады, традыцыі, спевы, танцы вывучаюць дзеці віленскіх беларусаў ды і самі дарослыя ў этнацэнтры “Світанак”. Пры цэнтры існуюць два фальклорныя калектывы – дзіцячы “Пацеркі” і дарослы “Світанак”. Гэтыя калектывы можна пабачыць амаль на ўсіх беларускіх культурніцкіх імпрэзах у Вільні. Кіруе імі беларуска Марына Струнеўская.

Паводле кіраўніцы этнацэнтра “Світанак” Марыны Струнеўскай, вельмі важна захоўваць і паказваць свае традыцыі нават у выгнанні:
– Уявіце, калі б была Беларусь сапраўдная вольная і калі б усе ведалі пра свае традыцыі, гэта так прыгожа зберагаць, захоўваць. Я вось зараз жыву ў Літве, я бачу, і ў Польшчы таксама, як з году ў год яны шануюць гэтыя традыцыі, як яны гэта дэманструюць, падкрэсліваючы сваю аўтэнтычнасць, сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Гэта вельмі важна. Таму нават тут, у выгнанні, мы захоўваем і паказваем нашы традыцыі.
Бліжэйшым часам з 21 па 25 красавіка ў этнацэнтры “Світанак” у Вільні пройдзе “Вясеннік”, куды запрашаюць дзяцей ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў правесці веснавыя канікулы разам. Там яны будуць вывучаць беларускія святы, абрады і традыцыі, навучацца маляваць і танчыць. А таксама для дзетак будуць арганізаваныя майстар-класы, шпацыры па старой Вільні, заняткі па правах чалавека, музычныя гульні.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя