BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ева Вежнавец: Шчасце і няшчасце дадзена чалавеку паводле яго характару

Выдавецтва Gutenberg Publisher прэзентуе перавыданне першай кнігі Евы Вежнавец “Шлях дробнай сволачы”. Імпрэза пройдзе ў Варшаве ў пятніцу, 16 студзеня, на пляцоўцы Imaguru Startup HUB.

Фота: KANAPLEV+LEIDIK

Пра гэтую падзею, дэбютную кнігу і ўвогуле пра літаратуру – у гутарцы нашай журналісткі Марыны Савіцкай з Евай Вежнавец (Святланай Курс).

РР: Адбылося перавыданне вашай кнігі, якая выйшла даўно, яшчэ ў 2008 годзе. Чаму вы вырашылі перавыдаць гэтую кнігу?

Ева Вежнавец: Гэта мне прапанавалі і я пагадзілася. Не з гордасці, што я зрабіла, таму што я не ганаруся гэтай кнігай. Яна юнацкая, я называю яе юнацкай памылкай, ці юнацкім грахом. А пагадзілася таму, што людзі мяне прасілі, і я хацела, каб пасля мяне што-небудзь засталося. Нават памылковае. Таму што, хаця яно і памылковае, хаця яно неякаснае, але яно праўдзівае і яно апісвае мяне, якой я была, маіх сяброў, якія яны былі, і тыя наіўныя светлыя часы, якімі яны былі, гэта 90-ыя і пачатак 2000-ых.

Але калі гэта будзе неталенавіта, то мы няшмат страцім, таму што кніжкі паміраць так як людзі, у разе чаго людзі пачытаюць, плюнуць і выкінуць. І вось, кіруючыся гэтымі сваімі меркаваннямі, я пагадзілася. Хаця я магу вам па пунктах сказаць, што мне там не падабаецца. Там ёсць непрапісаныя прасторы, непрапісаныя характары, сумніўныя параўнанні, слабыя метафары. Грашкі такія пісьменніцкія.

РР: Я разумею, што гэта рэдка робіцца ў літаратуры, але ці не было жадання, прапановы з вашага боку, неяк дапісаць гэтую кнігу, адрэдагаваць сённяшнімі вашымі вачыма?

Ева Вежнавец: Але, як сказаў Колас, назад не прыйдзе хваля тая. Не прыйдзе. Я ўжо іншы чалавек. І вы не здолееце паўтарыць сваё першае каханне. І закахацца другі раз у сваё першае каханне. І зрабіць першы свой рэпартаж, як вы яго зрабілі, бо цяпер вы іншы чалавек, мы іншыя людзі. Мы робім лепей ці горай, дэградавалі мы, ці развіліся, мы цалкам іншыя людзі.

Не, у мяне не было такога жадання. І кожная кніга, якая ў мяне пішацца і напішацца, я не ведаю, ці яна ўрэшце-рэшт напішацца, гэта будзе зусім іншая кніга. Таму што жыццё ўжо не раз нам дало і па галаве, і дало прыз свой, гэта развівае, гэта немагчыма, назад не прыйдзе хваля тая.

РР: Паколькі кніга часткова яшчэ і біяграфічная, то ў якім кантакце вы з тымі людзьмі, хто стаў героямі гэтай кнігі?

Ева Вежнавец: Справа ў тым, што пісьменнік, або аўтар, не ведаю, як я магу сказаць пра сябе, дык вось, наратар разбірае людзей на ніткі, а потым з гэтых нітак тчэ зусім іншыя характары і ўзоры. І тыя людзі, з якіх сатканыя мае героі, яны маюцца ў жыцці добра. Бальшыня з іх прыстроілася вельмі добра. Лёсы некаторых у іншых грамадствах узняліся вельмі высока. Добра зарабляюць, маюць сем’і. Маюць ужо не раз і дзяцей і ўнукаў. Маюць свае справы.

А другія забіліся. Саскочылі з высотных дамоў, альбо павесіліся, альбо спіліся. Па-рознаму. І па гэтых лёсам таксама вельмі шмат што можна прасачыць. Нехта змагаецца з хваробай. Нехта сядзіць у неапаленай бацькоўскай хаце на вёсцы. Вельмі па-рознаму лёсы склаліся.

І тут нават не магу сказаць, што можна пазайздросціць адным і пашкадаваць другіх. Таму што лёс дадзены чалавеку паводле яго характару. І шчасце і няшчасце дадзены кожнаму чалавеку паводле яго характару. І можна сядзець у неатопленай вясковай хаце, штодня піць і быць шчаслівым чалавекам. Гэта кантраверсійна тое, што я гавару, але я бачу, што гэта так і ёсць.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя