BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Фестываль беларускага кіно «Бульбамуві» спыніў існаванне

Адзін з найстарэйшых фестываляў беларускага кіно «Бульбамуві» афіцыйна спыніў існаванне. У 2016-м фестываль ужо браў доўгую паўзу, але пазней быў адроджаны. «Цяпер тэма фестывалю канчаткова закрытая», – паведаміў арт-менеджар і рэжысёр Януш Гаўрылюк.

Януш Гаўрылюк
Януш Гаўрылюк

Ён адзначыў, што шмат гадоў фестываль трымаўся на энтузіязме, а пасля аднаўлення ў 2021-м – на падтрымцы польскіх дзяржаўных інстытуцый. Аднак у апошнія гады яна скарацілася, і арганізатары засталіся без рэсурсаў. Нягледзячы на закрыццё, фестываль не знікне ціха: паводле Януша Гаўрылюка, рыхтуецца «сапраўднае кінематаграфічнае пахаванне фестывалю» – паказ двух новых беларускіх фільмаў і дыскусія «без анестэзіі» пра стан нацыянальнага кінематографа.

Фестываль узнік у 2011 годзе ў Варшаве, дзякуючы Янушу Гаўрылюку, рэжысёру Андрэю Кудзіненку і культуролагу Максіму Жбанкову. Ён стаў важнай культурнай пляцоўкай як для Беларусі, так і для Польшчы, бо паказваў працы незалежных аўтараў і нават некаторых рэжысёраў, звязаных з «Беларусьфільмам».