BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Фестываль дзіўнай беларускай музыкі пройдзе ў Варшаве

Дабрачынны фестываль Belarus Outside Sound System адбудзецца ў варшаўскай прасторы Kwadrat Praski 1 чэрвеня. На ім будзе прэзентавана вінілавая пласцінка з аднайменнай рэйв-складанкай ад беларускіх электронных прадзюсараў.

У Міжнародны дзень абароны дзяцей арганізатары фестывалю — музычная супольнасць Belarus Outside Sound System — прапануюць усім жадаючым паслухаць жыўцом самую незвычайную беларускую музыку і ў падзяку пакінуць данат на летні адпачынак дзецям палітвязняў. Асабліва шчодрыя данатары атрымаюць унікальны вініл у падарунак.

Кожны з 14 артыстаў на фэсце будзе прэзентаваць сваю праграму ці новы складнік лайф-выступу. Света Бень выступіць супольна з Сяргеем Навіцкім у новым электронным праекце пад назвай WTBSK, а Анастасія Рыдлеўская ўпершыню выступіць жыўцом. Таксама на фэсце выступяць Сяргей Пукст са сваім праектам Георгій Дабро, Ганна Жданава, Domsun, PocketRave і Syntrig. Дыджэй-сэты адыграюць Papa Bo Selektah, Schmoltz, Kornej, Eye-Q, Scarlett і Uhead.

Belarus Outside Sound System — гэта дабрачынны гастралюючы музычны рух, які падтрымлівае беларускіх пазажанравых артыстаў у эміграцыі і прыцягвае ўвагу да сацыяльна-палітычных праблем у Беларусі.

У лютым 2024 каманда выдала складанку аўтэнтычных электронных трэкаў ад беларускіх прадзюсараў, у якіх яны паразважалі на тэму пошукаў нацыянальнай ідэнтычнасці. Для стварэння аднаго з трэкаў — MK420 — яго прадзюсар, схаваны за псеўданімам DJ Shos, выкарыстаў запіс голасу і флейты Марыі Калеснікавай. Спецыяльна да фэсту каманда Belarus Outside Sound System рыхтуе лімітаванае выданне складанкі на вініле, каб распаўсюдзіць яго па свеце.

Праект ладзіцца ў межах праграмы ArtPower Belarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры пры фінансавай падтрымцы Еўразвязу.

Сабраныя данаты будуць перанакіраваныя на збор, арганізаваны ў межах традыцыйнай дзіцячай акцыі супольным праектам беларускіх фондаў «Хуткая гуманітарная дапамога».

Падрабязнасці пра падзею тут.

Па дадатковых пытаннях арганізатары прапануюць звяртацца на [email protected] і ў тэлеграм @czunga_czanga

Паводле прэс-рэлізу