BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Фестываль “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі” пачаўся

У Гайнаўцы афіцыйна адкрыўся 44-ы Міжнародны фестываль «Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі» — прэстыжнае мерапрыемства, якое штогод збірае хоры з розных куткоў свету.

Слова падчас адкрыцця ўзяў дзяржаўны сакратар, кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі Прэзідэнта Польшчы Войцех Каларскі:

– Дачыненне з царкоўнымі спевамі – гэта сведчыць пра характар грамадства. Гэта сведчанне нашай гісторыі, нашай самасвядомасці. Царкоўная музыка сотні гадоў існуе на польскай зямлі і ўзбагачае народную культуру.

Віншаванні ад маршалка Падляшскага ваяводства перадаў дарадца маршалка па справах нацыянальных і этнічных меншасцяў Аляксандр Васылюк, які таксама запрасіў усіх прысутных на аўтарскую выставу, што пройдзе ў межах фестывалю:

– Праграма фестывалю ўся ўнікальная. Але для мяне асабіста вельмі важная выстава з нагоды 50-годдзя. У Гайнаўцы мы заўжды рабілі такія выставы, бо гэта наша такая місія – акрамя спеваў гаварыць і паказваць адметнасць праваслаўя. Тут, у катэдры, знаходзіцца каля 160 фотаздымкаў, якія паказваюць праваслаўе маімі вачыма.

Фестываль адбываецца з благаслаўлення Яго Эміненцыі, мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Савы, і пад ганаровым патранатам Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды. Фінальным акордам фестывалю стане канцэрт пад адкрытым небам “Uczta Folklorystyczna”, які адбудзецца 16 траўня ў маляўнічым месцы Тапіла ў сэрцы Белавежскай пушчы.

Праграма фестывалю тут.

Беларускае Радыё Рацыя
Фота hajnowka.pl