Фестываль «Крыначка» традыцыйна прайшоў у Гайнаўцы ў аўторак, які выпадае на праваслаўную Сёмуху.

Свята Сёмухі (добра вядомае таксама ў беларускім народным календары як ці Пяцідзясятніца ці Зялёныя святкі) з’яўляецца адным з найбольш важных для праваслаўных хрысціян. У народнай традыцыі Сёмуху святкуюць тыдзень, які таксама мае сваю назву. У Гайнаўцы яго называюць градавым. А «Крыначка» мо таму і так папулярная ў гайнаўчан, што не пярэчыць праваслаўным традыцыям, а іх дапаўняе. Трэці дзень Пяцідзясятніцы для жыхароў Гайнаўкі і праваслаўных Падляшша – час малітвы ў царкве ў Крыначцы. Сюды, у невялічкую вёску ў Белавежскай пушчы, вядомую таксама святой крынічкай, збіраюцца пілігрымы і праваслаўныя з усіх ваколіц. Кажа ўдзельніца калектыва «Цаглігнкі» Галена Бандарук:
— Многа людзей ідзе маліцца. Потым свята — трэці дзень. Ну і ўсе спатыкаемся тут, у Гайнаўцы. Не працуем на полі, няможна. Святкуем, як святкуем — гуляем. Вельмі падабаюцца людзям беларускія песні.

Фестываль «Крыначка» ладзіцца ў Гайнаўскім амфітэатры. Запрашаюць на яго і гасцей, але кожны гайнаўскі калектыў лічыць сваім абавязкам выступіць у гэтым святочным канцэрце. Гайнаўчане лічаць «Крыначку» сваім важным лакальным беларускім святам. Кажуць удзельніца фестываля Галена Бандарук і арганізатарка Марта Грэдаль-Іванюк:
— „Крыначка“ для нас — гэта традыцыя. Такая мажлівасць выступіць, паказаць публіцы Гайнаўцы. Заўсёды спяваем на „Крыначкі“.
— Вельмі многа калектываў з Гайнаўскага дому культуры. Прыгожа танцуюць, што пры Гайнаўскім доме культуры. Нас цешыць, што ёсць моладзь, што спявае па-беларуску. Я думаю, што гэта вельмі добра. Мы ўжо старэйшыя, спяваем іншыя песні, а маладыя хочуць іншыя рытмы.
Фестываль «Крыначка» ладзіцца Беларускім грамадска-культурным таварыствам у супрацы з Гайнаўскім домам культуры і дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.






Беларускае Радыё Рацыя






