Першы дзень фестывалю завяршыўся вялікім канцэртам з удзелам Аляксандра Памідорава і гуртоў luty sakavik і :B:N:.
Моманты першага фестывальнага дня. Госці “Тутакі” паспелі і паспяваць, і патанчыць, і добра адпачыць. Але наперадзе іх чакае яшчэ два насычаных дні.





Фестываль “Тутака” афіцыйна распачаўся. Першым на галоўную сцэну выйшаў айцец беларускага року Аляксандр Памідароў, а вакол яго — беларусы, якія ўздымаюць бел-чырвона-белыя сцягі. Першы фестывальны дзень у самым разгары.





Беларусы прыязджаюць на Тутаку каб адпачыць: хтосьці танчыць, хтосьці cустракаецца з сябрамі, якіх не бачыў доўгі час, а хтосьці адтрымлівае асалоду ад прыроды Падляшша.


А тым часам выступленні на сцэне Беластоцкага музычнага клубу падыходзяць да фінальнай кропкі. Але забаў хапае: у адным з намётаў паказваюць Батлейку, а побач дзеці сталі ў чаргу на майстар-клас па аква-грыму.



На сцэне Беластоцкага музычнага клубу выступаюць панкі з Падляшша — гурт “Вандроўнік”. У сучаснай і смелай аранжыроўцы хлопцы выконваюць народныя песні Падляшша.




***
А ўжо зараз на сцэне грае наступны гарадзенскі музыка — Dzyadzen’KA. Разварушыць удзельнікаў фесту ў яго атрымалася.


***
На сцэне Беластоцкага музычнага клубу грае Бізон — выканаўца з Гародні, які вымушана пакінуў радзіму. У канцэртнай праграме музыкі песні на беларускай і ўкраінскай мовах. У шчымлівай лірыцы Бізон асэнсоўвае разнастайную рэчаіснасць.



***
Праца валанцёра на фэсце “Tutaka” – культурны подзвіг. Такое меркаванне выказаў актывіст, які дапамагае ладзіць падзею, Васіль Калач:
– Я чалавек даволі дасведчаны ў плане падрыхтоўкі імпрэзаў, я гэтым займаўся ўсё жыццё. Таму, як для мяне асабіста, з гэтага боку людзі дзеляцца на дзве катэгорыі: адны на фэсты прыязджаюць, другія іх рыхтуюць. Мы рыхтуем. Зразумела, што такім надвор’ем гэта даволі цяжка. Але калі правільна арганізаваная праца, тым больш валанцёрская, а яна павінна быць арганізавана правільна, каб валанцёры не стаміліся, каб яны атрымалі ўсё тое, за чым яны прыехалі валанцёрыць: пазітыўны настрой, добрая праца і адчуванне таго, што ты зрабіў штосьці накшталт подзвігу.
Акрамя таго, Васіль Калач выступіць на фэсце “Тутака” і ў якасці перформера ў суботу, 13-га ліпеня.
***

Акцыя cалідарнасці з палітвязнямі разгарнулася на фэсце “Тутака” пад Беластокам. Усе жадаючыя ў пятніцу, 12-га чэрвеня, з 16:00 да 21:00 могуць напісаць лісты тым, хто за кратамі.
“Насамрэч гэта важная частка падзеі”, – распавяла мадэратарка ініцыятывы, былая палітвязынка Мія Міткевіч:
– Для мяне гэта асабіста важна, бо за кратамі засталіся мае сяброўкі і тыя людзі, якія нават у гэтую самую хвіліну могуць атрымліваць нейкі ціск, ці здзекі з боку супрацоўнікаў калоній і турмаў. Таму для мяне гэта вельмі важна. То бок, яны неяк усё ж дазнаюцца, што мы салідарныя. І ім будзе вельмі прыемна, яны зразумеюць, што за іх змагаюцца.
Падчас акцыі ўсе жадаючыя маглі пачаставацца прасмакамі.
***
У адным з намётаў ужо распачаўся майстар-клас ад “Мова-Нанова”. А на малай сцэне зайгралі ўдзельнікі Беластоцкага музычнага клубу.



Фестываль TUTAKA чацвёрты раз стартаваў ва ўрочышчы Барык каля Гарадка. Сёлета ўдзельнічаў чакаюць тры фестывальныя дні, насычаныя канцэртамі, варштатамі, кінапаказамі, спартовымі мерапрыемствамі, спектаклямі ды іншымі актыўнасцямі. У Барыку знаходзіцца наша карэспандэнтка – Марына Савіцкая:
– Бачна, што людзі пад’язджаюць, у тым ліку і да намётавага лагеру, пачынаюць больш утульна сябе адчуваць на гэтай прасторы. Ну і безумоўна ўсе чакаюць самыя розныя падзеі, напрыклад, неўзабаве пачнецца акцыя салідарнасці з палітвязнямі, а таксама майстар-клас ад “Мова-Нанова”.
Канцэртная праграма на галоўнай сцэне сёння распачынацца а 21-ай гадзіне. Выступяць: Alaksandr Pamidoraŭ, luty sakavik, :B:N:
***

Фэст “Tutaka” распачаўся пад Беластокам. Адной з першых запрацавала пляцоўка з вырабамі беларускіх майстроў. “На падзею я прывезла вопратку і ўпрыгажэнні з нацыянальнымі пазнакамі”, – распавяла рамесніца Таісія Чарнуха.
– Усе яны так ці інакш закранаюць беларускую сімволіку, бо як без гэтага. Ёсць і «дранік», і «менскія вароты», і «свабода», яна ж Мар’яна Французская, а ў нас тут Беларуская з бел-чырвона-белым сцягам. Ёсць таксама цішоткі з назвамі найлепшых, на мой погляд, беларускіх гуртоў. Таксама вырабы з малавядомымі карцінамі Шагала.
Нагадаем, фэст “Тутака” будзе ладзіцца 3 дні запар да нядзелі ўключна.

***
Апошнія прыгатаванні да адкрыцця фестывалю Tutaka. Зусім хутка на спецыяльнай сцэне Беластоцкага музычнага клубу зайграюць музыкі, а ў намётах распачнуцца майстар-класы і акцыі ў падтрымку палітвязняў.



Беларускае Радыё Рацыя






