BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Фестываль TUTAKA-2025: нядзеля

Фестываль абуджаных Tutaka не збаўляе абароты. І хоць сёння апошні дзень імпрэзы, ён не менш насычаны, чым папярэднія.

* * *

На фестывалі “Тутака” разгарнуліся і пляцоўкі для дзяцей. Акрамя таго, адбылася лекцыя для бацькоў “Самастойныя дзеці”, якую правяла Юлія Гаруновіч. Яна распавядае:

-Я праводзіла лекцыю, нават хутчэй размову з бацькамі на тэму самастойнасці дзяцей. Вельмі добра мы паразмаўлялі. І для мяне было каштоўным, што гэта не проста быў мой маналог. Бацькі дзяліліся сваім досведам, нейкія кейсы свае распавядалі, вельмі актыўна задавалі пытанні. І ў нас атрымалася вельмі актыўная і глыбокая размова.


Адметна, што ўдзельнікамі сустрэчы былі не толькі дарослыя, але і самі дзеці.

* * *

Не толькі наведаць культурную праграму, але і пачаставацца смачнымі напоямі ды навучыцца іх гатаваць можна было сёння на фэсце. Такі “кулінарны” майстар-клас правяла Марыя Грыц.

Яна распавядае:

-Сёлета я гатавала крупнік. Не суп, а алкагольны крыпнік – гэта традыцыйны беларускі напой, святочны. І гэта было не першы раз, ужо склалася такая традыцыя, што я тут вару крупнік. І прыходзіць, канешне, шмат новых людзей, якія таксама прыходзяць на суп. І кажуць, Марыначка, як вы добра прыдумалі супчыку паесці. Думаю, у мяне ёсць мёд і самагон, зараз паспрабую, што змагу.

Нагадваем, фэст “Тутака” будзе ладзіцца сёння да апоўначы.

* * *

Сёння на фестывалі «Тутака» вельмі насычаны дзень. Адбыўся паказ дакументальнага фільму «Вольны хор», прайшла прэзентацыя Центра Беларускай Культуры у Беластоку, на сцэне Беластоцкага музычнага клуба адбылася нефармальная сустрэча з Сяргеем Ціханоўскім.

А вечарам а 21-ай гадзіне на галоўнай сцэне выступяць: NAVIBAND, MAXIM I OLICZKA, ARHEDELIC.

* * *

“Катлеты па-ціханоўску», дыскусіі пра будаванне Беларусі па-за яе межамі, нефармальныя сустрэчы з музыкамі, лекцыі і забавы для дзяцей. Гэта не поўны пералік актыўнасцяў, якія праходзілі ў суботу на фестывалі Тутака.

Вечарам сярод тых, хто адкрываў галоўную канцэртную частку, была дэпутат польскага Сейма Аліцыя Лэпковска-Голась з Грамадзянскай кааліцыі:

– Стаю перад вамі як сябра камісіі нацыянальных і этнічных меншасцяў і як віцэ-старшыня парламенцкай групы «Вольная Беларусь». Я тут, каб паказаць вам маю салідарнасць. Польшча, палякі і полькі, заўсёды падтрымлівалі і будуць падтрымліваць Вольную Беларусь. З майго боку вялікая падзяка для ўсіх вас за тое, што вы інтэгруецеся, збіраецеся і змагаецеся. Але асобная падзяка для Сяргея і Святланы Ціханоўскіх за іх рашучасць да змагання, за тое, што паказваюць як Вольная Беларусь павінна выглядаць.

Сёння на фестывалі «Тутака» будзе таксама насычаны дзень. Вас чакаюць чарговыя актыўнасці, у тым ліку – прэзентацыя да 25-годдзя фонду «Камунікат», паказ дакументальнага фільму «Вольны хор», а 12-ай гадзіне на сцэне Беластоцкага музычнага клуба пачнецца нефармальная сустрэча з Сяргеем Ціханоўскім. Вечарам а 21-ай на галоўнай сцэне выступяць:

NAVIBAND

MAXIM I OLICZKA

ARHEDELIC

Беларускае Радыё Рацыя