Фестываль «Тутака» праходзіць на Падляшшы ў традыцыйным месцы – ва ўрочышчы Барык каля Гарадка. На галоўнай сцэне адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. На сцэну быў пакліканы Павел Станкевіч, які ў сваю чаргу запрасіў Стасю Гліннік (зачытала вітанне ад Святланы Ціханоўскай), Яўгена Вапу (як радны БНР зачытаў вітанне ад Івонкі Сурвілы) і Ігара Лукашука (зачытаў вітанне ад падляшскіх уладаў).











* * *
Пад Беластокам завяршыўся першы дзень актыўнасцяў фестывалю абуджаных “Tutaka”. Якія ўражанні ён пакінуў у культурных дзеячаў, што далучыліся да падзеі? Пра гэта распавядаюць спявачка Ілона Карпюк, рамеснік Андрэй Мялешка і лідар гурта “Rodvaloth” Максім Лях.
Максім Лях: Гэта было вельмі крута, гэта было так файна, хіба што я бачыў першы раз, каб людзі так адрываліся пад нашу музыку, каб ім так падабалася. Людзі былі гатовыя ўскочыць на гэтую сцэну і разам з намі адрывацца.
Андрэй Мялешка: Я прыехаў сюды са сваёй невялічкай крамай, якая называецца «Падпольшчыкі». Гэта беларуская вышыўка. Мы робім вышываныя нашыўкі, цішоткі і іншае. І троху маем мерчаў ад нашых ваяроў з фронту.
Ілона Карпюк: У гэтым урочышчы Барык прыехаць заўсёды вялікая радасць. Бо за гэтым ідзе шмат успамінаў. Але таксама бачым, што тут будуюцца новыя перспектывы і гэта месца, дзе людзі сустракаюцца таксама дзеля сваіх жыццёвых справаў.
Культурная праграма фестывалю абуджаных “Tutaka” працягнецца і на выходных. Нагадаем, уваход на падзею вольны.
Цалкам матэрыял:
***
Фэст працягвае прымаць гасцей. Там ладзіцца не толькі адукацыйна-забаўляльная праграма, але і музычная. Працягвае нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая:
-Музычныя актыўнасці ўсё больш і больш набіраюць абароты. На музычнай сцэне выступілі THE ANTS, SERBSKIJ NOŽ, KAŠLATY VOCH. Да ўсяго іншага становіцца ўсё больш відавочнай думка, што нашыя беларускія артысты, калі ўжо таленавітыя, то таленавітыя ва ўсім. Таму што спачатку яны чытаюць лекцыі, а пасля ўжо і самі выступаюць на сцэне. Гутарка менавіта пра Дзяніса MANDZIKА, які літаралньна толькі што завершыў сваю сустрэчу “Беларускі рэп — як усё пачалося і што цяпер?”. А вельмі хутка ён выйдзе на галоўную сцэну фэсту “Тутака”.
Зараз, сапраўды, розныя пляцоўкі могуць узяць перадых перад тым, як у 21.00 запаліць агні галоўная сцэна, дзе выступяць адметныя беларускія і падляшскія артысты, а гэта ILO&FRIENDS, DAJ DAROHU! і MANDZIK. Працягваем сачыць за падзеямі, усё вельмі актыўна на фэсце “Тутака”. І так будзе не толькі сёння, але і ў наступныя два дні.
Цалкам матэрыял:







* * *
Актыўнасці для дарослых і дзяцей, у тым ліку дыскусіі і спектаклі. А вечарам, а 21-ай, пачнуцца музычныя выступы на галоўнай сцэне. Пад Беластокам праходзіць пяты фестываль “Тутака”. Падрабязнасці расказвае нашая карэспандэнтка – Марына Савіцкая:
-Распачаліся музычныя выступы. Тут запальвае вельмі гучна Беластоцкі музычны клуб. Да ўсяго іншага, усё больш, усё актыўней пранікае менавіта наша беларуская гісторыя у фестываль. Таму што тут ладзяцца і лекцыі, і майстар-класы. Вось толькі-толькі завяршыліся беларускія традыцыйныя гульні для дарослых з этна-цэнтрам “Світанак”.
Цалкам матэрыял:
* * *
І хоць афіцыйнае адкрыццё падзеі запланаванае на вечар, наведнікам ёсць чым заняцца. На месцы знаходзіцца наша карэспандэнтка – Марына Савіцкая:
-Надвор’е крыху пахмурнае, але калі ты праходзіш па пляцоўках, калі ты заўважаеш колькі тут таленавітых, яскравых, файных людзей, проста немагчыма не заззяць, як тое самае сонца. Таму прыязджайце, калі ласка, і разам будзем ствараць гэтую шыкоўную атмасферу!
РР: Першыя людзі, вядома ўжо прыехалі, расставілі свае намёты. Адбываюцца першыя падзеі. Калі пачалі з’яўляцца на фестывалі «Тутака» першыя ўдзельнікі?
Марына Савіцкая: Мне падаецца, што сённяшнія актыўнасці пачалі разгортвацца не толькі з 12 – 13 гадзін, але яшчэ ўчора. Таму што, калі я камунікавала з людзьмі, якія тут ночылі, яны расказвалі пра атмасферу, пра тое, як нялёгка далася гэтая ночка праз надвор’е. І зараз, калі мы можам прайсціся па розных пляцоўках, то разумееш, наколькі ўсё класна адбываецца тут. І калі шчыра, заўважаць нейкія непрыемнасці, кшталту шэрага надвор’я, гэта не так ужо і важна. Больш за тое, сёння тут разгортваюцца самыя розныя падзеі: і дыскусіі, і майстар-класы, і стустрэчы, і музычныя выступы.
Скажу па шчырасці, калі я прыехала сюды, то настолькі праніклася гэтым духам “тутаўскім”, што зразумела, што класна, што ёсць імпрэза, але вельмі важна памятаць і пра тых людзей, якім зараз складана – пра палітвязняў, пра тое, што варта падтрымліваць не толькі іх, але і іх блізкіх. І тут, дзяукуючы “Байсолу”, разгарнулася адна файная кропка, на якой можна зрабіць сабе налепачку за данаты. Разам са мной знаходзіцца кіраўнік “Байсол” Андрэй Стрыжак.

РР: Якая атмасфера пануе на фестывалі? З якім пасылам “Байсол” прыехаў сюды чарговы раз?
Андрэй Стрыжак: Вітаю слухачоў Беларускага Радыё Рацыя! Вандроўка на “Тутаку” заўсёды пачынаецца з дастаткова доўгай дарогі з Вільні сюды, на Беласточчыну. І зразумелым, што мы амаль што даехалі, гэта калі мы бачым рэкламныя білборды Беларускага Радыё Рацыя, якія стаяць абапал дарогі, на якіх напісана “Жыве Беларусь!”. І гэта адразу нагадвае, што мы на тэрыторыі Падляшша, дзе жывуць нашыя беларусы. Мы робім тут сапраўдны фэст, сапраўднае свята, на якім таксама стараемся не забываць і пра тых людзей, якім зараз патрэбная дапамога.
Цалкам матэрыял:










* * *
Ва ўрочышчы Барык каля Гарадка пачынаюцца першыя актыўнасці: ладзяцца дыскусіі, майстар-класы, паказы фільмаў і музычныя выступы. Праходзяць оўпэн-эйры і “Нефармальныя сустрэчы”. Госцей першай з іх стала вакалістка гурта Ilo & Friends – Ілона Карпюк. Яна падзялілася сваімі ўражаннямі ад падзеі:
– Вельмі цікава заўсёды сустракацца з людзьмі і прызнаюся, што на працы штодзень я пастаянна сустракаюся з людзьмі, то не так часта здараецца, што мой асабісты досвед, мая асоба застаюцца ў цэнтры зацікаўлення. Тут было цікава паразмаўляць з людзьмі, паслухаць іх меркаванні, паслухаць пытанні наконт таго, як фестывальнае жыццё на месцы Тутакі развівалася яшчэ ў часы «Басовішча». Крыху паўспамінаць разам.
Фэст “Tutaka” ладзіцца ва ўрочышчы Барык каля вёскі Гарадок пад Беластокам. Выступ гурта Ilo & Friends пройдзе сёння вечарам.
***
Ва ўрочышчы Барык пад Беластокам пачаўся самы маштабны беларускі фестываль за мяжой. Сёлета фестываль святкуе свой першы юбілей — 5 гадоў.


Наведнікаў фэсту чакае надзвычай насычаная праграма: 25 музычных канцэртаў, 2 полі для кемпінгу, фудкорт і кірмаш рамеснікаў, дакументальнае кіно і актыўнасці для дзяцей, дыскусіі пра ідэнтычнасць, актывізм і будучыню, спектаклі і лекцыі, майстар-класы і выставы, акцыі салідарнасці з палітвязнямі ды іншае. У музычнай праграме заяўленыя ў прыватнасьці «Дай дарогу», DZIECIUKI, Mandzik, ILO&FRIENDS, PAMIDORAŬ, Krambambula, Naviband, Papa bo Selektach.








Беларускае Радыё Рацыя






