BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Фестываль TUTAKA-2025: субота

Ва ўрочышчы Барык пад Беластокам пяты раз праходзіць самы маштабны беларускі фестываль за мяжой. Дзень завяршыўся вялікім канцэртам.

Гурт “iLi-iLi”.
Гурт “Дзецюкі”.

З вітальным словам выступіў Павел Латушка.

На галоўнай сцэне распачаўся канцэрт другога фестывальнага дня. На сцэне TUTAKi выступяць SPIEVY Z-PAD MOSTA, ILI-ILI, DZIECIUKI і KRAMBAMBULA.

Вядоўца канцэрту Крысціна Дробыш
Выступае калектыў SPIEVY Z-PAD MOSTA.

* * *

На фестывалі працуе фуд-корт са смачнымі стравамі і напоямі. Ніхто не застанецца галодным.

* * *

Ёсць актыўнасці і для дзяцей. Для іх тут ладзяцца майстар-класы, танцы і забаўкі.

Пра свае падзеі распавяла перформерка Кацярына Еўдакімава:

-Учора я вяла майстар-клас з дзеткамі. Мы малявалі. І вельмі класна бавілі час. А сёння мы будзем вышываць паштоўкі. Мне падаецца, будзе класна прывезці дадому такі маленькі сувенір, зроблены сваімі рукамі.

Нагадаем, да 21:00 на фэсце “Тутака” ладзяцца актыўнасці на розных пляцоўках, а пасля запрацуе галоўная сцэна, дзе выступяць беларускія калектывы. Сярод іх – Dzieciuki i Krambambula.

* * *

Пра тое, чым адметны сёлетні фестываль “Тутака”, а таксама пра падзеі, якія чакаюць гасцей фэсту сёння і заўтра, паразмаўлялі з нашай карэспандэнткай Марынай Савіцкай.

РР: Як выглядае мапа Фестывалю “Тутака” сёлета?

Марына Савіцкая: У папярэднія гады музычныя выступы ладзіліся як на галоўнай сцэне “Тутака”, так і на пляцоўцы “Тамака”. Зараз жа на пляцоўцы “Тамака” адбываюцца менавіта дыскусіі, лекцыі, вось такога кшталту сустрэчы. Дарэчы, варта будзе наведаць у нядзелю вечарам спатканне з арганізатарамі. Да ўсяго іншага непадалёк ад “Тамакі” ёсць яшчэ намёт Viedaka  – там, дзе адбываюцца дыскусіі, квізы, сустрэчы з выдаўцамі і так далей. Ёсць таксама вельмі класная пляцоўка Chillaka – там ладзяцца нефармальныя сустрэчы з музыкамі. Канешне, ёсць і арт-маркет, які прадстаўлены не толькі мерчам, не толькі цішоткамі, вопраткай і так далей, але і кнігамі, сімволікай, сувенірамі. Адметны намёт ад ініцыятывы “Байсол”. Што тычыцца намёта Viedaka, я б раіла наведаць яго ў 18.20, там распачнецца квіз пра Беларусь.

РР: Вечарам сёння будзе вялікі канцэрт. Ці нешта адметнае чакае нас на гэтым канцэрце?

Марына Савіцкая: Выступіць “Крамбамбуля” з Лявонам Вольскім, гурт ILI-ILI ў цікавым складзе. Выступяць таксама DZIECIUKI і SPIEVY Z-PAD MOSTA.

Цалкам гутарка:

* * *

На фэст абуджаных “Тутака” працягваюць прыязджаць госці. Сярод іх – і музыкі, якія не заяўленыя ў лайн-апе, але з задавальненнем ладзяць выступы ў намётавым лагеры.

Адзін з іх – Сяргей Космас, вядомы па супрацы з экс-палітвязнем і блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Артыст распавёў, чаму прыехаў на імпрэзу:

-Атрымаць максімум пазітыву. Справа ў тым, што гэтая пляцоўка, як атамны рэактар, на якім сабраўся ўвесь агонь беларускай інтэлігенцыі, вельмі моцных людзей, добрых, прыгожых, разумных. Тут атрымліваеш мора пазітыўных эмоцый. Класнае свята!

Дарэчы, у намётавым лагеры на фэсце “Тутака” Сяргей Космас выканаў песню “Муры”.

* * *

Сёння працягваюцца розныя актыўнасці для дзяцей і дарослых, а таксама выступаюць музыкі – падрабязней распавядзе наша карэспандэнтка Марына Савіцкая:

Актыўнасць на фэсце «Тутака» яшчэ толькі набірае абароты. У гэтыя хвіліны завяршаецца інтэрактыўная прэзентацыя Музея вольнай Беларусі. Менавіта гэтая сустрэча, мне падаецца, адна з самых цікавых, таму што актыўна ўключаецца публіка, задае свае пытанні.

Ёсць таксама актыўнасці, прысвечаныя палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Напрыклад, дыскусія на тэму: ці можна будаваць Беларусь па-за межамі Беларусі. І тут гучаць досыць спрэчныя заявы, якія выклікаюць часам абурэнні публікі. Але разам з тым спікеры прыходзяць да агульных высноваў.

На фэсце ўжо з’явіўся Сяргей Ціханоўскі, былы палітвязень, блогер, шмат сёння раздае інтэрв’ю. Нагадаю, што сустрэча з ім адбудзецца заўтра на сцэне Беластоцкага музычнага клуба. А ўвечары нас чакаюць шыкоўныя выступы ад беларускіх гуртоў.

***

Ва ўрочышчы Барык пад Беластокам пяты раз праходзіць самы маштабны беларускі фестываль за мяжой.

Сярод іншых пунктаў на мапе фэсту пазначаны намёт Ведака.

Аб 11:00 Цімох Акудовіч пачне лекцыю пад загалоўкам “Таямніцы Радзівілаўскай мапы. Чаму яна важная для сучасных беларусаў”.

А 12:40 – пачатак Інтэрактыўнае прэзентацыі Музею Вольнае Беларусі.

А 14:20 у намёце Ведака апынецца падарожнік Аляксандар Гойшык.

А 16:00 для дзяцей будзе арганізаваны майстар-клас Кацярыны Еўдакімавай „Вышываем паштоўкі”.

На галоўнай сцэне Тутака сёння выступяць калектывы SPIEVY Z-PAD MOSTA, ILI-ILI, DZIECIUKI і KRAMBAMBULA.

Адну з пляцовак мае Беластоцкі музычны клюб.

Аб 11:30 тут выступ Змітра Бартосіка з прэзэнтацыяй ягоных кнігаў “Быў у пана верабейка гаварушчы…” і “Забіць упалмінзага”.

А 12-ай Уладзімір Арлоў распавядзе пра сваю кнігу “Імёны свабоды”.

Фэст будзе доўжыцца да 13 ліпеня ўключна.

Беларускае Радыё Рацыя