Фільм беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч “Пад шэрым небам” атрымаў прыз за найлепшы дэбют на фестывалі гульнявых фільмаў у Польшчы, паведамляе “Люстэрка”.

Стужка была адзначана на 49-м фестывалі польскіх гульнявых фільмаў у Гдыні. Як адзначыла Мара Тамковіч перад прэм’ерай у Гдыні, яе фільм – гэта праўда, вера і надзея. «Я чакаю той прэм’еры стужкі, на якую магла б прыйсці Кацярына Андрэева», – сказала яна. Гісторыя журналісткі «Белсат» і яе мужа Ігара Іліяша ўвайшла ў аснову гэтага фільма. Стужка расказвае пра падзеі 2020 года ў Беларусі. Гэта першы мастацкі фільм пра тое, што адбылося чатыры гады таму, зняты беларусамі.
Нагадаем, паўнаметражная стужка вырасла з дакументальнай «У жывым эфіры», якая расказвае пра затрыманне журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай падчас стрыму з «Плошчы Перамен» у 2020 годзе.






