BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Фонд “Тутака” пачынае праводзіць культурніцкія імпрэзы ў фармаце кватэрнікаў

Зацягнуць гледача ў стракаты свет беларускай паэзіі ды супольна адпачнуць. Так арганізатары кажуць пра новы фармат сустрэчаў, што праводзіць у Беластоку фонд “Тутака” ў сваёй творчай прасторы. Прастора мае аб’яднаць розных людзей, з акцэнтам на беларускасць, – кажа кіраўнік фундацыі Павел Станкевіч:

– Беларускі нетворкінг. Каб прыходзілі людзі і ад нацыянальнай меншасці, і ад дыяспары. Калі яны нават між сабой сябры, вельмі часта не маюць часу сустрэцца. Хочам гэтаму спрыяць. А таксама хочам, каб тут быў важны культурніцкі фактар. Пачынаем з літаратурнага стэндапа. Думаю, будем ладзіць і музычныя выступы, і магчыма літаратурныя сустрэчы таксама. Усё дзеля таго, каб паказваць багацце беларускай культуры і правесці выдатна вольны час.

І пачалі. Першым з паэтычным стэндапам “Прэзентацыя” выступіў Віталь Рыжкоў. Гэта размова пра паэзію, але таксама пра творчасць ды літаратурны працэс.

– Ідэя ўзнікла не проста ладзіць творчую сустрэчу і пра нешта размаўляць, а перапазнаёміцца са сваёй публікай, магчымай аўдыторыяй, нагадаць, хто я, і магчыма распавесці, які шлях я прайшоў перш чым сысці на доўгі перапынак. Вось такі паэтычны стэндап, драматургічна завершаны, цэльны тэкст, з украпленнямі нейкіх прыкладаў маёй творчасці.

Такі новы фармат сустрэчаў фонд “Тутака” арганізуе на камерцыйнай аснове. Беларуская культура, літаратура такім чынам падтрымліваецца і развіваецца.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя