BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Goethe-Institut спыняе праграму «Гётэ-інстытут у выгнанні»

Goethe-Institut абвясціў пра спыненне праграмы «Гётэ-інстытут у выгнанні». Пра гэта паведамляецца ў сацыяльных сетках інстытуцыі. Прычынай названыя «шматлікія глабальныя крызісы».

«Востры ціск на нашы структуры, уключаючы абмежаваныя фінансавыя рэсурсы, больш не дазваляюць нам працягваць праграму», — адзначаецца ў паведамленні.

У выніку ўсе мерапрыемствы, запланаваныя на 23 лютага 2026 года, былі адмененыя.

Разам з тым інстытут падкрэсліў, што працягне прыцягваць мастакоў-эмігрантаў да ўдзелу ў міжнародных культурных праграмах і «прыўносіць іх погляды ў нямецкі і сусветны дыскурс».

Праграма «Гётэ-інстытут у выгнанні» была створаная як месца сустрэч, прастора для дыскусій і сцэна для мастакоў з краін, дзе культурныя інстытуты былі вымушаныя закрыцца праз вайну або цэнзуру.

З ініцыятывы і пры падтрымцы праграмы адбываліся і беларускія мерапрыемствы за мяжой — дыскусіі, канцэрты, перформансы, прэзентацыі кніг, кінапаказы, спектаклі, выставы і варкшопы. У сакавіку 2024 года «Гётэ-інстытут у выгнанні» ініцыяваў маштабны міждысцыплінарны фестываль беларускай культуры, які стаў пляцоўкай для больш як 50 тэатральных дзеячаў, кінематаграфістаў, аўтараў, паэтаў, музыкантаў, філосафаў, мастакоў і актывістаў з Беларусі. Удзельнікі, што былі вымушаныя пакінуць краіну і жылі ў Берліне, Варшаве, Кракаве, Вільні або Тбілісі, прадставілі шырокую культурную праграму.