43-ы Міжнародны Фестываль Царкоўнай Музыкі «Гайнаўка 2024» стартаваў у Беластоку ўжо 29 траўня ў канцэртнай залі Падляшскай Оперы і Філармоніі пры вуліцы Падлеснай. У першы дзень фестываля адбыўся ўрачысты канцэрт «Трохгалоссе за мір», дзе выступіў зводны хор у складзе: хор «Сафія» з Украіны, хор «Mus Arietes» з Польшчы і хор «Канкордыя» Вольнай Беларусі.
Мы пагутарылі з дырыжорам хора Вольнай Беларусі з Варшавы «Concordia» Галінай Казіміроўскай пра дзейнасць хора, удзел у фестывалі і апошніх напрацоўках спеўнага матэрыялу:
– У нейкім сэнсе змяніўся склад, ён павялічваецца, усё больш прыязджае людзей з Беларусі. І гэта не толькі тыя людзі, якія спявалі раней, а таксама беларусы, якія проста спявалі «дзесці», яны далучаюцца да нас. З аднаго боку добрыя прыкметы, з іншага кепскія, што ў Беларусі нікога не застаецца, усё менш і менш. Апошні год стаў для нас значным у развіцці, я лічу, што даволі гістарычны праект, у які мы ўпісаліся – гэта праца з архівам.
У жніўні мінулага года я ўпершыню трапіла ў Скарынаўскую бібліятэку, дзе ўбачыла беларускія скарбы. Адзінае месца ў свеце, дзе захоўваецца архіў Міколы Куліковіча. Больш вядомаму грамадству па тым, што ён напісаў музыку да гімну «Пагоня» на словы Багдановіча. Мікола Куліковіч – гэта вельмі значная асоба ў беларускім культурным жыцці, калісьці дырэктар опернага тэатру. Гэта кампазітар, гэта этнограф, карацей пра яго можна чытаць лекцыю. І ён пражываў трохі падобны на наш лёс. Пры іншых абставінах падчас другой сусветнай вайны быў вымушаны пакінуць Беларусь. Працаваў усё сваё жыццё да смерці ў ЗША. І ўвесь гэты час ён працаваў на беларускім полі. Ён пісаў вельмі шмат музыкі, большасць з якой харавая. І я ў нейкім сэнсе патрапіла ў свой рай, таму што адкрыла для сябе неверагодную колькасць музыкі, пра якую ніколі не ведала. Гэта не адзінае прозвішча, якое я там знайшла. І з таго часу маё жыццё ў пэўным сэнсе змянілася.
Я паставіла сябе мэты – па-першае, навесці парадак – я туды прыязджаю ўжо як даследчык. Я спрабую там зрабіць музычны аддзел, зрабіць каталог, сканаваць гэта ўсё гэта ў хуткай будучыні, каб стала агульнадасяжным, каб людзі маглі гэтым карыстацца. Што тычыцца хору – было вельмі натуральнае жаданне гэта заспяваць. Мы стварылі праект, чарнавая назва якога – «Жывыя скрыні», то бок скрыні, якія сталі гучаць. І мы называлі праект «Гучыць скарынаўка», у межах якога мы зладзілі свой першы канцэрт, дзе мы выканалі 11 твораў Міколы Куліковіча, якія да гэтага не выконваліся.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
З «Госцяй Рацыі» – дырыжорам хора Вольнай Беларусі з Варшавы «Concordia» Галінай Казіміроўскай, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя