На філалагічным факультэце Беластоцкага ўніверсітэта адкрыўся новы курс — «Беларуская этнафілалогія». Гэта праграма, што аб’ядноўвае культуралогію, гісторыю, рэлігіязнаўства і мовазнаўства, прапануе студэнтам цэласны погляд на беларускую ідэнтычнасць і спецыфіку польска-беларускага памежжа — рэгіёна, дзе культурныя ўплывы арганічна пераплятаюцца.
Набор на курс распачнецца ўжо ў чэрвені, і гэта выдатная магчымасць для тых, хто хоча глыбей зразумець свае карані і далучыцца да захавання культурнай спадчыны.

Госця Рацыі — Ганна Альштынюк, кандыдат філалагічных навук Беластоцкага ўніверсітэта і выбітная даследчыца спадчыны Янкі Брыля. У размове яна не толькі падрабязна распавяла пра структуру і змест новай праграмы, але і пранікнёна паказала хараство беларускай і падляшскай літаратур як люстэркаў фармавання самасвядомасці, захавання мовы і духоўных каштоўнасцяў беларусаў.
РР: Беларуская этнафілалогія. Адкрываецца новы накірунак. Трэба, каб людзі прыйшлі вучыцца. Вельмі цікавая праграма падрыхтаваная. Ёсць настаўнікі, якія будуць выкладаць. Раскажыце, што вы будзеце выкладаць і з якім настроем ідзеце ў новы навучальны год?
Ганнай Альштынюк: Я буду выкладаць і практычныя заняткі, значыць буду вучыць гаварыць па-беларуску. Але таксама заняткі па літаратуры. Я займаюся літаратурай ХХ стагоддзя і навейшай літаратурай. І спадзяюся, што будзе цікава пазнаёміцца з творчасцю Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Адамовіча, таксама і Андрэя Федарэнкі, Алега Лойкі, Алены Брава.
РР: Пару словаў пра вас асабіста. Дзе вы нарадзіліся, як вы прыйшлі да беларушчыны?
Ганнай Альштынюк: Я нарадзілася ў Гайнаўцы. Спачатку ў маёй хаце размаўлялі толькі на гутарковай мове. І ніхто не разбіраўся, ці гэта беларуская, ці якая іншая. І затым зусім натуральна, калі трэба было ісці ў садок, аказалася, што я па-польску ўвогуле не ўмела размаўляць. Потым навучылася польскай мове. Але беларуская мова была ў пачатковай школе і ў белліцэі ў Гайнаўцы. Прыйшоў такі час, калі трэба было выбраць сабе, што рабіць далей. І я падумала, чаму б не скарыстацца тым, што як фіналістка ў мяне была магчымасць паступіць на беларускую філалогію. І я рашыла ў гэтым напрамку працягваць вучобу. Паэт, празаік, выкладчык Ян Чыквін з’явіўся ў белліцэі, калі я была ў чацвёртым класе. І вучняў і вучаніц папрасілі паразмаўляць з прафесарам. Я яму спадабалася, і ён сказаў, што бачыць мяне на філалагічным факультэце. Я гавару: хіба не. А аказалася, што гэта былі прарочыя словы, і мы сустрэліся.

РР: Як палягае ваш навуковы шлях? Якая ў вас ўжо пасада тут? І чым менавіта займаецеся па навуцы?
Ганна Альштынюк: Я кандыдат філалагічных навук. У 2017 годзе выйшла мая кніга па творчасці Янкі Брыля. Годам раней я абараніла кандыдацкую дысертацыю па літаратуразнаўстве. Займаюся сучаснай беларускай літаратурай, у тым ліку і навейшай. Апошнім часам мяне прыцягвае жаночая проза.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара і UwB