Амаль завяршыўся прэзентацыйны тур пісьменніцы і журналісткі Ганны Кандрацюк на Беласточынне. На ім яна прэзентавала сваю новую кнігу «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці». Сустрэча з пісьменніцай адбылася і ў Беластоку ў прасторы «Новая Зямля». Паразмаўлялі з пісьменніцай пра гэтыя сустрэчы з чытачамі.

РР: Практычна завяршыўся твой тур, на якім ты прэзентавала сваю новую кнігу, мела шмат сустрэчаў на Падляшшы. Ці задаволеная ты гэтым турам?
Ганна Кандрацюк: Я першы раз удзельнічаю ў такім, прафесійна арганізаваным, туры. Ёсць вельмі вялікая дапамога з боку выдаўца – Цэнтра беларускай культуры. Для мяне гэта такое незвычайнае падарожжа. Прыходзяць людзі, зацікаўленыя беларускай кнігай. І амаль усе тыя, хто прыходзяць на сустрэчы, набываюць кнігу. Гэта рэдкасць. Бо часам ёсць так, што прыйдзе паўсотня людзей, і прадасі тры кніжкі. А тут як раз ідзе пра тое, каб кніга дайшла да чытача. Апрача гэтага людзі выказалі ў мой бок многа сардэчнасці, удзячнасці за тое, што пішу па-беларуску. У нашым свеце гэта незвычайная справа. Думаю, што гэта ўсё будзе мяне натхняць да далейшай працы, да развіцця.
РР: Сустрэчы адбываліся нават у невялічкіх мястэчках, напрыклад, у Нарве, я не думаю, што там шмат творчай інтэлігенцыі. І што гэта за людзі прыходзілі на сустрэчу?
Ганна Кандрацюк: Я ўвогуле захопленая Нарвай. Мы заехалі, а там поўная зала людзей. Прытым толькі двое маіх сваякоў. Размаўлялі. Сустрэчу вельмі файна павёў Коля Ваўранюк. І мы гаварылі пра герояў кнігі. А таксама гаварылі пра людзей, якія маглі быць маімі героямі з наваколля Нарвы. Мне гэта вельмі важна, бо я сама родам з-пад Нарвы, гэта мой гмінны горад. Першае мястэчка, якое я пабачылі ў жыцці. І думаю, што быў такі дух сястрынства, калі жанчыны падыходзілі да мяне па аўтограф, гаварылі з якой яны вёскі, чые яны, пыталіся пра мае сваякоў. Так што вельмі файныя сустрэчы.
РР: Якая сустрэча яшчэ ўразіла з тых, што адбыліся?
Ганна Кандрацюк: Кожная сустрэча ўразіла, бо кожная была на свой спосаб іншая. Мы вельмі многа гаварылі пра Каліноўскага. І людзі былі зацікаўлены, ён іх зямляк, і пачалі пра яго не так думаць. Яшчэ так файна паўспаміналі Надзею Артымовіч, якая вядомая тут, на Падляшшы. А на сустрэчу людзі прыйшлі зацікаўленыя літаратурай, паэзіяй, знаёмыя Надзі. У Гарадку, у Доме культуры, які названы імем Кастуся Каліноўскага, гаварылі пра нашых людзей, якія ўзвышаюць нашае Падляшша.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






