Гэтую беларускую пісьменніцу з Беласточчыны называюць галоўным рэпарцёрам беларускага Падляшша. Яе кнігі атрымліваюць узнагароды, іх перакладаць і выдаюць па-польску. Летась кніга Ганны Кандрацюк–Свярубскай была адзначана літаратурнай прэміяй імя Ежы Гедройця.

Пра кнігі, прэмію і Палессе з сённяшняй госцяй Рацыі паразмаўляў Васіль Кроква.
РР: Ты напісала ўжо некалькі кніг пра Падляшша, няма такога кутка, дзе бы ты не была, пра што б ты не напісала. Ці ты адчуваеш нейкі крызіс тэмы Падляшша?
– Я адчуваю патрэбу рабіць архівізацыю памяці, каб запісваць тое, чаго мы яшчэ не зрабілі. Я не адчуваю гэтага, што нешта скончылася. Думаю, што калі ёсць дыстанцыя, то тады для пісьменніка нават лепш пішацца, ёсць аб’ектывізм. Калі ёсць ідэя, калі ёсць салідная праца, то гэта атрымаецца. Не кажу тут пра нейкі гістарычны рэпартаж. Але калі гавару з людзьмі, то намаўляю ствараць сямейныя партрэты ці манаграфіі сваіх мясцін, бо трэба ведаць, што нічога не вечнае, усё заканчваецца і адмірае, таму за некалькі гадоў гэтых месцаў не будзе.
РР: Няма такога пачуцця, што ты згубіла час, што не паспела кагосьці запісаць, нейкіх важных людзей, а цяпер ужо немагчыма гэты час вярнуць?
– На пачатку я займалася бягучымі справамі і, думаю, што нарабіла сябе вельмі многа ворагаў. Была пэўная вастрыня, і мне хацелася крышку ад гэтага схавацца?
РР: Нарабіла ворагаў, бо пісала нейкія крытычныя артыкулы?
– Калі глянуць на пачатак маёй працы у рэдакцыі, то я кранала розныя цяжкія справы, звязаныя з адукацыяй, звязаныя з асіміляцыяй, звязаныя з рознымі сацыяльнымі недахопамі. Гэта ўсё страшныя рэчы, бо тое адміранне не бярэцца з роскашы і прэстыжу. Яно бярэцца з бяды, занядбання, знішчэння. Людзі ўцякаюць з такіх месцаў. А я ўсё ж такі маю свядомасць таго, што гэта пачалося некалькі стагоддзяў раней, але былі і светлыя моманты ў тых сем’ях, месцах, і трэба было гэта неяк захаваць.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
З журналісткай тыднёвіка беларускаў у Польшчы «Ніва» і пісьменніцай Ганнай Кандрацюк-Свярубскай размаўляў Васіль Кроква.
Беларускае Радыё Рацыя






