Што азначаюць народныя выразы вароты каўбасамі завязваць, прайсці Крым і Рым, што ў касцелі то ў пасцелі, усе козы ў золаце, багатыя ноч разбяруць, жалезнага бобу пад’есці? Якімі з’явамі рэчаіснасці і гістарычнымі падзеямі матывуюцца? Якімі спосабамі ўтвораны? У якіх мясцінах Беларусі ўжываюцца? На гэтыя і шмат якія іншыя пытанні чытачы знойдуць адказы ў новай кнізе доктара філалагічных навук, прафесара Гарадзенскага ўніверсітэта Міколы Даніловіча “Дайце клею, бо самлею”, якая нядаўна пабачыла свет у менскім выдавецтве “Тэхналогія”.

Гэта навукова-папулярнае выданне будзе карысным для тых, хто неабыякавы да беларускай мовы. Кніга не перагружана тэрміналогіяй, а цікава апавядае пра спосабы ўтварэння фразеалагізмаў (са звычайных словазлучэнняў, шляхам дапаўнення мнагазначных слоў, скарачэннем прыказак і інш.), пра іх паходжанне (з міфалагічнага ўяўлення нашых продкаў), даецца класіфікацыя фразеалагізмаў паводле некалькіх крытэраў і г.д.
Выданне Міколы Даніловіча адрасуецца шырокаму колу чытачоў: навукоўцам і студэнтам, пісьменнікам і журналістам, настаўнікам і вучням — усім, хто цікавіцца беларускай фразеалогіяй і любіць трапныя народныя выслоўі.
Беларускае Радыё Рацыя






