BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гефкер: выстава пустой паперы з архіву ВБМ

Віленскі Беларускі Музей імя Івана Луцкевіча выставіў чыстую паперу са збораў свайго архіву. На выставе паказаныя сшыткі, паштоўкі, бланкі, аркушы, нататнікі, куверты, прамакаткі, папяровыя коркі, ватман, аргаліт, капірка, альбомы для фотаздымкаў, перфакарты, каталогавыя карткі, трафарэты, факсы ды іншае. 

Усе матэрыялы адабраныя па выніках разбору ды вопісу фондаў архіву. У зборы кожнага чалавека апрача карэспадэнцыі, чарнавікоў, накідаў, малюнкаў ды засушаных кветак між старонак, застаецца і не выкарыстаная папера. Людзі накладаюць яе на будучыню, збіраюцца даслаць паштоўку, намаляваць карціну, напісаць верш, але часам не.

Такім чынам, выстава знаёміць наведвальнікаў з няздзейсненай часткай адзінаццаці фондаў архіву ВБМ, дысідэнтаў, настаўнікаў, ссыльных, вязняў, мастакоў, журналістаў, даследнікаў: Зоі Коўш, Зоські Верас, Алега Аблажэя, Аляксея Анішчыка, Адольфа Клімовіча, Янкі Тулейкі, Надзеі ды Язэпа Шнаркевічаў, Сяржука Вітушкі, газеты “Наша Ніва” і калгасаў памежжа. Матэрыялы выставы ахопліваюць перыяд у сто гадоў, з 1910-ых па 2010-ыя.

Выстава распавядае аб старых тэхналогіях пісьма, аб вечным дэфіцыце паперы ў паваенным СССР, які прымушаў запасацца паперай, аб падпольным самадруку, аб графаманіі, аб калекцыянаванні, аб эстэтыцы старой паперы і аб тым, чым, як і дзе ўсё гэта сканчаецца. Для назвы выставы выбрана габрэйскае слова гефкер, якое вызначае нічыё, тое, што нікому не патрэбна. 

Стварэннем гэтай выставы Віленскі Беларускі Музей адзначае сканчэнне папярэдняга этапу працы са сваім архівам, калі былі разабраныя фонды і выданы даведнік па іх, і пачатак наступнага этапу, калі пачнецца масавае сканаванне і электронная публікацыя матэрыялаў архіву ВБМ з 1910-ых па 1950-ые гады. Праект аблічбавання пачынаецца ў верасні 2024 і будзе ісці працягам года пры фінансавай ды тэхнічнай падтрымцы Брытанскай бібліятэкі.

Выстава будзе адчыненая працягам восеньскіх месяцаў. Экспазіцыя забяспечаная даведнікам беларускай, літоўскай і ангельскай мовамі і саўнд-трэкам з запісамі беларускай цішы, дасланымі сябрамі музея. На працягу восені музей запросіць на куратарскія туры па выставе. Уваход на выставу вольны.

Праект падтрыманы Дэпартаментам Нацыянальных Меншасцяў Літвы.

Каталог выставы можна паглядзець тут.