BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Генпракуратура склала спіс каштоўнасцяў, якія трэба вярнуць у Беларусь


Па ініцыятыве Генпракуратуры складзены пералік культурных каштоўнасцяў, вывезеных з тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гэтыя артэфакты падлягаюць вяртанню, адзначылі ў ведамстве. У спіс уключылі 694 прадметы культуры. Сярод іх — абразы, карціны, кнігі, скульптуры і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вярнуць хочуць, у тым ліку, і Крыж Ефрасінні Полацкай, выраблены ў 1161 годзе майстрам Лазарам Богшам, і слуцкія паясы.

У Беларусі цяпер захаваліся толькі адзінкавыя асобнікі і фрагменты такіх паясоў. Ёсць у спісе і такія рэліквіі, як ключы Магілёва і сані Напалеона Банапарта.

“Названы спіс не канчатковы — праца па выяўленні страчаных культурных каштоўнасцяў, вызначэнні іх кошту і рэпатрыяцыі ў Беларусь працягваецца”, — дадалі ў Генпракуратуры.

У ведамстве лічаць, што страчаныя каштоўнасці знаходзяцца ў такіх краінах, як “Злучаныя Штаты Амерыкі, Дзяржава Ізраіль, Украіна, Рэспубліка Польшча і іншыя”.

Расеі ў гэтым спісе чамусьці няма, хоць, па адной з версій, менавіта ў Маскву быў вывезены Крыж Ефрасінні Полацкай. У прыватнасці, пра гэта казаў прафесар Адам Мальдзіс, калі ў Маскве выявілі Слуцкае евангелле.