BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гэта быў чалавек-паходня

1 ліпеня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння рэлігійнага дзеяча, святара і тэолага Генрыха Глябовіча (1904-1941).

Генрых Глябовіч нарадзіўся ў Гародні ў 1904 годзе. Ён скончыў Віленскую духоўную семінарыю, працягваў адукацыю ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Атрымаў ступень доктара тэалогіі ў Віленскім універсітэце і доктара філасофіі пасля вучобы ў Папскім універсітэце св. Тамаша Аквінскага ў Рыме. Разумны не па гадах, ён у сваёй мудрасці захоўваў пакору і сціпласць. «Двойчы доктар, тройчы дурань», – любіў жартаваць сам святар. З запалам імкнуўся да ведаў не для таго, каб захаваць іх для сябе, але каб служыць светачам для іншых.

Большую частку святарскага жыцця кс. Генрых правёў у Вільні. Служачы, не абмяжоўваўся выключна душпастырскай актыўнасцю. Здолеў сумяшчаць абавязкі вікарыя з шырокай асветніцкай і грамадскай дзейнасцю. Выкладаў у семінарыі і быў самым маладым прафесарам ва ўніверсітэце ў Вільні. Выконваў абавязкі сакратара Секцыі веры, культуры і звычаяў у архідыяцэзіяльнай курыі. З’яўляўся дырэктарам супольнасці школьнай моладзі «Гурток св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус». «Гэта быў чалавек-паходня, які, дзе толькі магчыма, спыняўся і запальваў душы для Бога». Так гаварылі пра кс. Генрыха ў асяроддзі, дзе яму даводзілася распачынаць сваю дзейнасць. Найбольшай актыўнасцю адзначыўся ў культурных рухах горада і студэнцкіх арганізацыях, у дапамозе ўбогім.

Ксёндз Генрых Глябовіч быў самаадданым душпастырам, харызматычным духоўным кіраўніком і сапраўдным апосталам у справе адзінства хрысціянаў. Яго асоба і яго служэнне значна ўплывалі на студэнцкае асяроддзе Вільні і ўсёй архідыяцэзіі.

Падчас Другой сусветнай вайны Генрых Глябовіч вёў душпастырскую дзейнасць у некалькіх парафіях на Беларусі. 3 мая 1941 года склаў акт ахвяравання свайго жыцця за ратаванне веры ў моладзі.

9 лістапада 1941 года за сваё душпастырскае служэнне быў расстраляны гестапа ў Барысаве. У 1999 годзе Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў Генрыха Глябовіча разам з іншымі 108 мучанікамі Другой сусветнай вайны.

Беларускае Радыё Рацыя