BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Гэта кніга не пра мёртвых, гэта кніга пра нас, жывых”

Хутка пабачыць свет кніга “Могілкі беларусаў Падляшша”. Госця Рацыі – аўтарка кнігі, даследчыца гісторыі і культуры, журналістка Беларускага Радыё Рацыя, а таксама тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”  Вольга Сямашка. Многім яна таксама добра вядомая як змагарка за захаванне памяці пра Кастуся Каліноўскага.

Вольга Сямашка

РР: Сёння паразмаўляем пра кнігу вашага аўтарства, якая днямі выйдзе з друкарні, “Могілкі беларусаў Падляшша”.  Раскажыце пра імпульсы, якія прывялі Вас да напісання, а лепш сказаць – стварэння гэтай кнігі.

Вольга Сямашка: Кніга, сапраўды, хутка павінна пабачыць свет. Зараз яна знаходзіцца ў друкарні, праходзіць этап карэкціроўкі тэксту. І напэўна хутка пойдзе ў друк. Кніга пачала з’яўляцца ў 2016 годзе, калі я толькі прыехала на Падляшша, зацікавілася гэтай зямлёй. І пачала вывучаць. І канешне, першае, што мяне прывабіла, гэта могілкі Падляшша.

РР: Першае, што Вас прывабіла, гэта могілкі Падляшша? Гучыць крыху дзіўна.

Вольга Сямашка: Так, бо ў Беларусі маем такую карціну, што ўсё ж такі савецкія часы сказаліся, і многія могілкі згубілі свой ландшафт, сваё хараство. Вельмі шмат крыжоў было пазбівана ў савецкі час. І калі прыязджаеш на Падляшша, заўважаеш тыя самыя надгробкі, бо мяжа пастаянна мянялася, стаяць крыжы, стаяць надгробкі, і мы проста бачым, як маглі б захавацца могілкі ў Беларусі. Бо я займаюся некрапалістыкай прыкладна з 2006 года. І калі прыехала на Падляшша, я пабачыла скарб. Для спецыяліста гэта быў сапраўдны скарб.

РР: Раскажыце нюансы працы над самой кнігай.

Вольга Сямашка: Кніга паўставала, канешне ж, на палявых даследаваннях. На тым, што знаходзіцца вакол нас. Але, канешне. Было вельмі шмат крыніц і кніг, якія ўжо маюцца на Падляшшы зараз. Бо даследчыкі так ці інакш закраналі пытанне памежных могілак. Бо праз іх яны даследавалі мову, звычаі, традыцыі, ідэнтычнасць, што для мяне таксама важна. З іншага боку, я назірала ў Беларусі вялікую колькасць польскіх кніг, дзе польскія даследчыкі прыязджалі і стараліся знайсці польскія могілкі на тэрыторыі Беларусі. І я пастаралася крыху гэтага можа быць пазбегнуць, хаця, канешне, кніга выходзіць у серыі “Гістарычныя могілкі” Беларусі, усё ж такі гэтая тэрыторыя так ці інакш звязаная з Беларуссю. Я больш працавала з памяццю людзей, з ідэнтычнасцю, як мы атаясамляем сябе з могілкамі, што такое беларускія могілкі. І спрабавала спалучыць і фізічнае вывучэнне могілак: іх стан, формы, назвы, прозвішчы. І памяць пра іх – як людзі разумеюць, што гэта беларускія могілкі. Вось у гэтым палягала вялікая праблема навуковая, насамрэч.

кніга “Могілкі беларусаў Падляшша”

РР: Чаму, на Вашую думку, варта набыць гэтую кнігу? І ці ёсць нейкія могілкі тут, на Падляшшы, на якія Вы звярнулі асаблівую ўвагу? Такія адзіныя, бо ў кніжцы іх даволі многа.

Вольга Сямашка: Могілак сапраўды вельмі шмат і яны вельмі цікавыя. Але ў мяне не выходзяць з галавы лясныя могілкі, дзесьці ў лесе, якія я выпадкова знайшла, бо заблукала па маршруце. Гэта могілкі, пакрытыя мохам. Гэта проста ўзвышшы з крыжамі драўлянымі, пакрытыя ручнікамі, як у Беларусі, з кветачкамі. І ўсё бачна, дзе мужчынскі надгробак, дзе жаночы, усё гэта пазначана. У нас у Беларусі яны можа і ёсць, але не так яўна, як тут. Канешне, на любых могілках на Падляшшы вельмі добрая захаванасць. Хаця мы зараз назіраем сітуацыю, калі ідуць новыя падхаванні і яны прыкрываюць старыя, але тым не менш, структуру мы можам пабачыць.

Што тычыцца, чаму варта набыць гэтую кнігу, усё вельмі проста. Кніга называецца “Могілкі беларусаў Падляшша”. Але гэта кніга не пра мёртвых, а пра нас жывых. Гэта кніга пра ўсіх нас. Бо праз гэту кнігу кожны чалавек можа зразумець, усё ж такі ён беларус ці не беларус, і чые ўсё ж такі гэтыя могілкі. І ці маем мы права называцца беларусамі і ці можам назваць гэтыя могікі таксама і нашымі ў тым ліку. Таму варта пачытаць.

Далучыцца да збору на кнігу можна на краўдфандынгавай платформе Gronka: https://gronka.org/#/causes/recKxAbPhSADXplrG

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя