BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гісторыя беларускіх рэчаў


“Гісторыя беларускіх рэчаў” – рубрыка на Радыё Рацыя, у якой журналістка Марына Савіцкая сустракаецца з беларускімі майстрамі: мастакамі, дызайнерамі, рамеснікамі… – тымі, хто захоўвае нашую культуру візуальна.

Сёння госцем праекту стаў мастак Яраслаў Кірвель.

“Калі я нешта раблю, то адчуваю сябе лепш”

Зараз я малюю ў асноўным пейзажы. Некаторыя з іх я бачыў сам і зрабіў эскіз. Некаторыя заснаваныя на фотаздымках Гародні, што мне даслалі знаёмыя. Але нават на іх я гляджу праз уласную прызму і малюю свае інтэрпрэтацыі, абапіраючыся на тое, што адчуваю.

Акрамя таго, калі хаджу на падзеі, то працягваю серыю канцэртных замалёвак. Але ўсё ж галоўным чынам цяпер я засяродзіўся на пейзажах. За год у мяне ўжо скончыўся другі скетчбук. Гэта паказчык. І я рады, што пасля ў ім застаецца запіс, сувенір і памятка з мясцін, дзе я быў.

Калі шчыра, то я не памятаю, як прыйшоў да малявання. Проста з дзяцінства займаюся гэтай справай. У малодшых класах хадзіў на розныя гурткі: лепка, маляванне, стварэнне паштовак… Было нават мадэляванне — там мы рабілі танкі, самалёты. Пасля я паступіў у мастацкую школу, затым – у Мастацкі каледж, пазней – у Акадэмію мастацтваў.

Часам перад маляваннем мне трэба настройвацца, як перад звычайнай працай, а часам натхненне само прыходзіць. З эскізамі прасцей: тут трэба проста адкрыць скетчбук ці ўзяць маленькі кавалачак паперы і пачаць тварыць. А карціны — гэта іншае, бо ўзнікае страх: «Ай, яшчэ сапсую вялікую працу!». Тады патрэбна проста пераступіць праз гэтае хваляванне. Напрыклад, нядаўна я намаляваў тры карціны і выклаў іх у Stories у Instagram. Рабіў усё на вялікіх аркушах паперы, каб пазбавіцца ад страху сапсаваць палатно (яно дорага каштуе). Думаў: «Атрымалася добра — выдатна, не атрымалася — ну і ладна». Але я ўжо замовіў палатно, і пасля святочных вакацый пачну маляваць на ім.

Маляваць падчас падзей, каб зафіксаваць іх для сябе, я пачаў на «Мове Нанова» ў канцы 2020 года ці на пачатку 2021-га ў Гародні. Адным з першых маіх герояў стаў Андрусь Такінданг. Памятаю, яшчэ былі Віктар Шалкевіч, Зміцер Вайцюшкевіч. А вось Івана Кірчука чамусьці тады не намаляваў, калі ён прыязджаў.

У мясцовым бары ў Гародні за свае працы я нават атрымліваў невялікія грошы.

Раней я маляваў на палотнах ці нейкіх драўляных дошках, а зараз пачаў робіць малюнкі на пласцінках. Зараз вярнуўся да дошак, але стараюся больш эксперыментаваць з формай, шукаць новыя падыходы. Бо часам мне пачынае здавацца, што ўсё становіцца аднолькавым, сумным і нецікавым.

Калі я нешта раблю, то адчуваю сябе лепш, чым калі нічога не раблю. У мяне ёсць задачы, якія я паставіў сабе праз Акадэмію ці самастойна, і іх трэба выконваць.

Беларускае Радыё Рацыя