BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Антон Радзівонаў: Не варта чакаць музу – яна сама прыходзіць падчас працы

“Гісторыя беларускіх рэчаў” – рубрыка на Радыё Рацыя, у якой журналістка Марына Савіцкая сустракаецца з беларускімі майстрамі: мастакамі рамеснікамі, дызайнерамі… – тымі, хто захоўвае нашую культуру візуальна.

Госцем праекту стаў мастак Антон Радзівонаў.

Антон Радзівонаў: “Парад заўсёды будзе шмат, але важна рабіць ад душы”

Маё захапленне мастацвам пачалося недзе ў 4 гады. У дзіцячым садку, як і ўсе хлопчыкі, я маляваў робатаў, танкі. Хутка стрыечная сястра маёй маці заўважыла маю схільнасць і прапанавала аддаць мяне вучыцца мастацтву. Так я апынуўся Палацы дзяцей і моладзі на кераміцы. Дарэчы, менавіта там я сустрэў сваіх лепшых сяброў, з якімі падтрымліваю стасункі і цяпер. Мы разам праходзілі мітынгі, вымушаную эміграцыю, адаптацыю ў новай краіне…
Першы поспех прыйшоў да мяне ў гадоў 7 ці 8. Мае працы ўдзельнічалі ў менскай выставе керамікі – і там я заняў трэцяе месца. Памятаю, што за гэта мне падарылі шкляную вазу з разьбой. Неўзабаве мая настаўніца з’ехала ў Польшчу, таму я пайшоў на маляванне. Кабінет знаходзіўся зусім побач: у тым жа будынку, на тым жа паверсе. Пасля я паступіў у менскі Каледж мастацтваў на спецыяльнасць “мастак-кераміст”, потым – у Акадэмію Мастацтваў на мастака-рэстаўратара.

Што да цяпершняй рэалізацыі ўсіх маіх задум, то цяпер вельмі бракуе прасторы. У Менску ў мяне была свая майстэрня, дзе я мог праводзіць эксперыменты з фарбай, фарматы розныя спрабаваць. У Варшаве ж жыллё каштуе вельмі дорага. Таму я малюю там, дзе жыву, на майстэрню ўжо грошай не хапае. Дома, каб мець пастаянны заробак, я працую за кампутарам у фармаце 2D. Але гэта тое самае, што і пісаць фарбамі на палатне, толькі на планшэце графічным. Ствараю ў тэхніцы алейнага жывапісу, затым – экспаную свае творы.

– Галоўным чынам ты вядомы як мастак птушак са стужкамі з бчб-сімволікай. Якая першая была карціна ў гэтай серыі?

– Гэтую серыю я пачаў маляваць яшчэ ў Менску. Большасць прац менавіта там і засталася. Першым быў зімародак – яго я стварыў напрыканцы 2020 года. Ён мне падабаўся сваёй яркасцю, рознакаляровасцю, быццам з нейкіх тропікаў да нас патрапіў. У Беларусі ж усе ў асноўным шэрыя… Мне захацелася намаляваць цікавы вобраз. Так і пайшло-паехала, з’явіліся розныя крылатыя.

Птушкі мне заўсёды падабаліся, таму я і вырашыў іх маляваць. Першая карціна была 13 ці 15 жніўня 2020 года. Нам тады толькі далі інтэрнэт. “Мёртвая птушка” – раздушаны шпак. Вялікая карціна – 120 на 100 см. Цяпер яна ў экспазіцыі Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве. Пазней я вырашыў не маляваць нейкія пакуты. Усё ж такі птушка для мяне – гэта сімвал свабоды. У такім ключы я і вырашыў іх адлюстроўваць. А стужка як напамін пра тое, як людзі вывешвалі свае стужкі на галінкі і дрэвы ў 2020. Мяне гэта тады вельмі ўражвала. І, безумоўна, гэта такая форма пратэсту.

– У цябе ёсць карціна, прысвечаная жонцы. Калі і як яна з’явілася?

– Насамрэч іх некалькі. Першую я намаляваў у 2014 годзе, калі жонка была цяжарная. Я натхняўся тады майстрамі італьянскага Адраджэння – яны любілі профілі маляваць. Нешта падобнае і я зрабіў. Але мая жонка кажа, што гэта не самы любімы яе партрэт. Ёй больш падабаецца карціна “Вясна на сэрцы”.

– Цяпер у цябе ёсць і свой мерч. Былая палітвязынка, асуджаная разам з гуртом Irdorаth Юля Марчанка, носіць байку з тваім прынтом.

– Так, і яе байка – у адзіным экзэмпляры. Юлі вельмі падабалася гэтая мая праца. Яна невялікая: 30 на 30 см. Называецца “Вечаровая дэпрэсія”. Гэта карціна была створана хутка, на эмоцыях, хаця я заўсёды раблю карціны вельмі доўга. І я заўважыў, што ў Юлі гэты мой малюнак і на застаўцы тэлефона, яшчэ недзе… Яна кажа: “Я ў цябе яе куплю”. А я вырашыў ёй падарыць. Гэта была мая павага чалавеку за тое, што яна два ці больш гадоў сядзела ў турме. Проста спачуваць мне падаецца недастатковым. Мне прыемна, што гэтая праца ў Юлі будзе. Мне яна імпануе як чалавек. Дарэчы. цяпер мая дачка па запрашэнні Юлі ж ходзіць да яе на спевы.


Наогул я раблю і байкі, і цішоткі, і торбы, але гэта не асноўнае. І гэта не шлях заробку, а хутчэй піяр, рэклама. Звычайна чалавек мне піша, якая мая карціна яму падабаецца, тады я раблю гэта. Зараз у мяне няма сродкаў, каб зрабіць вялікі тыраж. Але я хацеў бы з кім-небудзь працаваць, мець бізнэс сумесны, але на ўсё мяне аднаго не хопіць, бо і працаваць трэба, і карціны маляваць, і падаткі плаціць, з дакументамі разбірацца, і ўсё астатняе. Таму калі нехта будзе асобна займацца мерчам, я буду толькі рады.


– Якія парады маладым мастакам ты мог бы даць?

– Працаваць, нягледзячы ні на што. Не думаць: “Вось заўтра ў мяне будзе натхненне, а сёння я адпачну…” Увесь час ствараць, думаць, развівацца. Не варта чакаць музу – яна сама прыходзіць падчас працы.
І яшчэ важная парада: не бяжыце за трэндамі – тым, што модна. Цяпер хтосьці можа сказаць: “Трэба рабіць толькі інсталяцыі”. Але я лічу што, трэба рабіць тое, што ты любіш. І не глядзі ні на каго. Парад заўсёды будзе шмат, але важна рабіць ад душы, а не разлічваць і думаць “вось я зараз раблю і прадам”. Так не працуе. Той жа глядач, калі ён разбіраецца ў мастацтве, заўсёды заўважыць, калі твор зроблены ад душы.

Беларускае Радыё Рацыя