BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Гісторык, які чатыры разы быў рэпрэсаваны

14 лютага спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага гісторыка, археолага, краязнаўца, выдаўца беларускіх летапісаў, этнографа, пісьменніка і перакладчыка Міколы Улашчыка (1906-1986).

Мікола Улашчык нарадзіўся ў вёсцы Віцкаўшчына Менскага павета (цяпер Дзяржынскі раён) у шматдзетнай сялянскай сям’і, у якой было 14 дзяцей. Вучыўся ў двухкласнай школе ў вёсцы Самахвалавічы, затым у пачатковым вучылішчы. Менавіта тут, дзякуючы настаўніку Язэпу Шнаркевічу, юны Мікалай адчуў цягу да гісторыі, асаблівае ўражанне на яго аказалі працы Яўхіма Карскага.

У 1924–1929 гадах Мікола Улашчык вучыўся на сацыяльна-гістарычным аддзяленні педагагічнага факультэта. У гады вучобы ва ўніверсітэце юнак стаў актыўным наведвальнікам Дзяржаўнай бібліятэкі Беларусі, заўзятым чытачом беларускага аддзела, а з вясны 1924 года сам стаў бібліятэкарам, затым і сакратаром Кніжнай палаты БССР, дзе спрычыніўся да стварэння выдання “Летапіс беларускага друку”.

За перыяд вучобы Мікола Улашчык праявіў сябе таксама на глебе краязнаўства: быў сакратаром краязнаўчага гуртка, удзельнікам археалагічных экспедыцый. Па яго ініцыятыве было даследавана Банцараўскае гарадзішча пад Менскам і адбыліся экспедыцыі на Мазыршчыну, Тураўшчыну і Полаччыну.

З пачатку 1930-х гадоў у жыцці Міколы Улашчыка пачалася адна з драматычных старонак. Ён быў асуджаны за контррэвалюцыйную дзейнасць і высланы на 5 гадоў у Налінск Вяцкай вобласці (цяпер Кіраўская вобласць Расеі). Там ён быў паўторна асуджаны ў 1933 годзе і высланы ў Марыінскі лагер, у якім знаходзіўся да 1935 года. Яму было забаронена вяртацца ў Беларусь і з гэтага моманту Мікола Улашчык працаваў настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў розных навучальных установах.

У 1939 годзе беларус пераехаў у Ленінград і стаў выкладаць гісторыю ў школе. Але на другі дзень пасля пачатку вайны яго арыштавалі трэці раз і выслалі ў Чалябінскую вобласць. Пры садзейнічанні акадэміка Лявона Арбелі, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук СССР, Мікалая Улашчыка вызвалілі ў лістападзе 1942 года. Вясной 1943 года ён прыехаў у Казань, дзе ў эвакуацыі знаходзілася яго жонка. Кароткі час працаваў настаўнікам гісторыі ў медыцынскім вучылішчы, потым накіраваўся ў Маскву для паступлення ў аспірантуру пры Інстытуце гісторыі Акадэміі навук СССР.

У 1947 годзе Мікола Улашчык абараніў дысертацыю на тэму “Подготовка крестьянской реформы 1861 г. в губерниях Виленской, Гродненской и Ковенской” і стаў старшым выкладчыкам Маскоўскага інстытута. Праз тры гады паследаваў чацвёрты арышт навукоўца з высылкай у Марыінскі лагер. Вясной 1955 года ён быў вызвалены і рэабілітаваны.

У гэтым жа годзе беларускі гісторык вярнуўся ў Маскву, дзе больш за 30 гадоў (да лістапада 1986 года) з’яўляўся навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук СССР. Яго доктарская дысертацыя (1964) была прысвечана тэме аграрнай гісторыі Літвы і Заходняй Беларусі і асэнсавання крызісу прыгонніцкіх адносін на гэтых тэрыторыях.

Мікалай Улашчык – аўтар грунтоўнай працы “Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода”, дзе аналізуюцца археалагічныя выданні (136 тамоў, 1824–1940 гг.), якія закранаюць матэрыялы па гісторыі Беларусі, Літвы і Украіны.

Мікалай Улашчык займаўся даследаваннем і папулярызацыяй беларускага летапісання. Ён аўтар манаграфіі “Введение в изучение белорусско-литовского летописания”, складальнік і рэдактар выдання “Полное собрание русских летописей” (т. 32, 35), перакладчык летапісу “Хроніка Быхаўца” на рускую мову.

Як краязнаўца і этнограф Мікола Улашчык праявіў асаблівы інтарэс да гісторыі роднай вёскі Віцкаўшчына і гісторыі сваёй сям’і, што знайшло адлюстраванне ў гісторыка-этнаграфічным нарысе “Была такая вёска” (Менск, 1989).

Мікола Улашчык памёр 14 лістапада 1986 года ў Маскве. Летам 1987 года яго прах быў перапахаваны на Чыжоўскіх могілках г. Менска.

Беларускае Радыё Рацыя