
Канец 2023 году прадэманстраваў прыкрую праўду – велічэзная частка беларусаў застаецца жыць у расейскай культурнай прасторы. Варта было ў Расеі выпусціць серыял пра гопніцкую культуру позняга СССР, як пагалоска пайшла па ўсіх былых калоніях Крамля. Проста таму, што людзям патрэбная папса, і папсу ім дае Расея на зразумелай ім мове са зразумелымі культурнымі кодамі.
Хочам мы таго ці не, але мозг чалавека мусіць адпачываць. Таму поп-прадукцыя самых розных жанраў была і будзе запатрабаванай. Больш за тое, поп-прадукцыя, як і праекты высокага стылю, можа ўплываць на нацыянальную і грамадзянскую самасвядомасць.
Узгадайце раманы Уладзіміра Караткевіча. Ці трапілі б яны ў шорт-ліст Прэміі Гедройця? Гэта ж па форме папулярная літаратура гістарычнай тэматыкі. Таму і праходзіла фільтры камуністычнай цэнзуры, бо чыноўнікам ад ідэалогіі не хапала глуздоў зразумець, што Караткевіч фармаваў нацыянальную самасвядомасць.
Расея фармуе сваю свядомасць праз культурны код, дзе галоўны герой – адмарозак са зброяй у руках.
Я вынес у загаловак слова «надзея», бо мне спадабалася рэакцыя Мікалая Халезіна на чарговую расейскую культурную інтэрвенцыю.
Сузаснавальнік «Свабоднага тэатру», кавалер ордэна Брытанскай імперыі за ўнёсак у культуру, Мікалай Халезін запытаўся ў сваёй аўдыторыі на якую тэму варта зняць беларускі мастацкі фільм.
Вельмі важна ў свеце нагадваць пра беларускую павестку. Пра масавы тэрор, пра катаванні ў турмах, пра ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, пра фактычную акупацыю краіны.
Але варта памятаць, што свет поўніцца злом, і што людзі не могуць думаць толькі пра трагічнае. Таму беларуская павестка заціраецца ў міжнароднай інфармацыйнай прасторы.
А цяпер уявіце маштабную кінакарціну, звязаную з якой-небудзь драматычнай і адначасова ўзнёслай старонкай беларускай гісторыі з прывязкай у фінале да сённяшняй барацьбы. Універсальную карціну, якая будзе цікавая гледачам у розных краінах, бо зробленая як якасны экшн.
Сёння ў свеце «Свабодны тэатр» мае каласальны аўтарытэт. Такі, што каманда тэатру цалкам можа арганізаваць здымкі мастацкага фільму з удзелам топавых актораў міжнароднага рэйтынгу.
Беларусы знаходзяцца ў такой унікальнай сітуацыі, калі не маючы падтрымкі сваёй краіны, могуць прыцягваць рэсурсы для рэалізацыі маштабных праектаў.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя






